Вы тут

Журналісткі Барысевіч, Андрэева і Чульцова прызнаныя палітзняволенымі

Брама СІЗА № 1 на Валадарскага ў Мінску / З архіву Еўрарадыё

У Беларусі ўжо 143 палітвязні. Праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ 11 чалавек, пераслед якіх ацэньваецца "як палітычна матываваны". У спіс дадалі Сяргея Крыўчэню, Арцёма Мядзведскага, Яўгена Курганава і Дзмітрыя Жэбуртовіча, якім выставілі абвінавачванні ў "масавых беспарадках" (арт. 293 КК), а таксама Мікалая Дзядка, Аляксея Самусенку, Кіма Самусенку, Паўла Дразда, якіх абвінавачваюць па артыкуле 342 КК "Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Таксама палітычнымі зняволенымі прызнаныя затрыманыя журналісткі Кацярына Барысевіч (TUT.by), Кацярына Андрэева (Белсат) і Дар'я Чульцова (Белсат).

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі і спынення іх крымінальнага пераследу. Таксама патрабуецца вызваліць грамадзян, якія былі затрыманыя "ў сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд", і спыніць палітычныя рэпрэсіі. Заяву падпісалі восем праваабарончых арганізацый.

Падлічана, што ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў было затрымана каля 30 тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.