Вы тут

У Беларусі ўрад прыняў пастанову аб самаізаляцыі

За парушэнне правіл самаізаляцыі прадугледжаны санкцыі / Reuters

У Беларусі ўрад прыняў пастанову (№ 208 ад 8 красавіка) аб "абмежавальным мерапрыемстве" — самаізаляцыі. У чацвер дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У ім вызначаны выпадкі, калі беларускія грамадзяне, замежнікі ці асобы без грамадзянства могуць трапіць пад абмежаванні. Ёй падлягаюць асобы, якія маюць інфекцыю COVID-19, адносяцца да кантактаў 1-га і 2-га ўзроўняў з заражанымі, калі яны прыехалі з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі каранавіруса. Для людзей, якія не заразіліся каранавіруснай інфекцыяй, самаізаляцыя складае 14 дзён. Яе могуць працягнуць па рашэнні медыцынскіх работнікаў. Згаданыя асобы атрымаюць патрабаванне аб выкананні правіл паводзін у самаізаляцыі.

На час самаізаляцыі беларусы атрымаюць ліст непрацаздольнасці, ім выплацяць абавязковыя страхавыя ўнёскі. Пры парушэнні правіл дапамогу скароцяць на 50%.

Якія абавязкі асоб, што трапляюць у самаізаляцыю? Не пакідаць месца, у якім яны знаходзяцца. Адзінае, куды яны могуць пайсці, гэта бліжэйшыя аптэка ці прадуктовая крама. Могуць таксама выносіць смецце. Пры гэтым яны мусяць мець медыцынскую маску і не кантактаваць з іншымі асобамі. Гэтыя людзі павінны паведаміць на працу пра прычыну сваёй адсутнасці. Пры пагаршэнні здароўя (павышэнне тэмпературы да 37 °C і вышэй, з'яўленне кашлю і г. д.) яны павінны тэрмінова патэлефанаваць у хуткую і паведаміць, што знаходзяцца ў самаізаляцыі.

Пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Сяргей Румас. Яна пачынае дзейнічаць пасля афіцыйнага апублікавання. Міністэрства аховы здароўя мусіць прыняць меры па рэалізацыі ўрадавай пастановы ў трохдзённы тэрмін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.