У Беларусі стартавала агульнабеларуская кампанія “Будзьма!”

1 кастрычніка ў мінскай кавярні "Добрыя мыслі" адбылася прэзентацыя агульнабеларускай кампаніі "Будзьма!". Шэраг арганізацый ("Саюз беларускіх пісьменнікаў", ТБМ, "Беларуская музычная альтэрнатыва", часопіс "pARTisan", "Еўрапейскае радыё для Беларусі" і іншыя), пачынаючы з кастрычніка, збіраюцца ладзіць сумесныя акцыі, якія мусяць абудзіць у жыхароў Беларусі цікаўнасць да культуры сваёй краіны, аб'яднаць усіх грамадзянаў, незалежна ад нацыянальнага паходжання.

Вось што гаворыць каардынатар кампаніі Алена Макоўская:

"Мы хочам, каб усе ўсвядомілі, што беларуская культура - гэта сучасна, модна і перспектыўна. Што сёння нашымі літаратарамі і мастакамі ствараюцца творы, якія вартыя таго, каб пра іх ведалі не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі".


Да кампаніі можа далучыцца кожны чалавек альбо грамадская арганізацыя, калі іх цікавіць культура Беларусі. Ужо запланаваныя бліжэйшыя акцыі: выпуск музычных дыскаў "Будзьма The Best", лекцыі па беларускай гісторыі і культуры, мастацкія выставы, прэзентацыі кніг, часопісаў і музычных праектаў.

Падрабязней пра кампанію "Будзьма!" можна даведацца на сайце budzma.org, які быў адчынены ў дзень прэзентацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі