У Беларусі стала больш на сем палітвязняў

У Беларусі стала больш на сем палітвязняў

Праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі яшчэ семярых беларусаў, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Арцёму Міцуку, Аляксандру Драздову, Рыгору Гунько, Давіду Збаранскаму, Марку Антонаву, Ігару Рудчыку выстаўленыя абвінавачанні па ч. 2 артыкула  293 Крымінальнага кодэкса ("масавыя беспарадкі"), а Уладзіславу Зяневічу — па ч. 1 артыкула 342 КК ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак").

Праваабаронцы нагадваюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Выступы грамадзян, якія называюцца масавымі беспарадкамі, узнікалі стыхійна ў адказ на парушэнні і фальсіфікацыі на выбарах 9 жніўня. 

"Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат", — нагадваюць праваабаронцы.

Яны падкрэсліваюць, што дзеянні пратэстоўцаў нельга лічыць масавымі беспарадкамі: "Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам. Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі".

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты семярых новых палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед. Акрамя таго, яны патрабуюць вызваліць усіх палітвязняў, а таксама грамадзян, затрыманых на мірных сходах у паслявыбарны перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі.

Зварот падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Агулам па стане на 24 снежня ў Беларусі налічваецца 163 палітвязні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі