У Беларусі рыхтуюцца змены ў заканадаўства аб мабілізацыі

Міністэрства абароны / sb.by
Міністэрства абароны / sb.by

У Беларусі падкарэктуюць заканадаўства аб мабілізацыі з улікам расійскага досведу. Пра гэта міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў у інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня".

"Зараз ідзе актыўная работа па падрыхтоўцы прапаноў для ўнясення змяненняў у шэраг заканадаўчых актаў. Хутка яны будуць вынесеныя на разгляд парламентарыяў, абмеркаванне грамадскасці", — заявіў міністр. Якія змены плануюцца, Хрэнін не паведаміў.

Ён паведаміў, што ў Беларусі вывучаюць досвед расійскай мабілізацыі.

"Мабілізацыйныя зборы мы праводзім ужо колькі гадоў запар. Мабілізацыя для нашай рэспублікі вельмі важная, хоць бы з таго пункту гледжання, што мы не трымаем войска ў тых маштабах, якія патрэбныя для адбіцця агрэсіі. Эканоміка краіны не вытрымае. Таму мы вызначыліся з той колькасцю, якая аптымальная з улікам мабілізацыйнага рэсурсу, падрыхтоўкі насельніцтва", — адзначыў Хрэнін.

Таксама ён нагадаў, што цяпер Мінабароны праводзіць зверку уліковых даных ваеннаабавязаных. Паводле яго звестак, праверылі больш за мільён чалавек.

Сёння Мінабароны заявіла, што зверку даных прайшлі больш за 70% ваеннаабавязаных. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі