У Беларусі прыняты план мерапрыемстваў супраць птушынага грыпу

У Беларусі ізноў пачулі пра птушыны грып. На гэты раз небяспека ідзе з боку Масквы. У Падмаскоўі на дадзены момант выяўлена 5 раёнаў з вірусам птушынага грыпу.
У Маскоўскай вобласці аб’яўлены двухтыднёвы каранцін. З гэтай нагоды ўчора ў Мінску адбылося адмысловае паседжанне ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі.

На ім быў прыняты план мерапрыемстваў для абароны Беларусі ад эпідэміі птушынага грыпу. Пра тое, якія захады будуць зроблены дзеля абароны нашага здароўя, нам расказаў старшыня мінскай ветэрынарнай службы Іосіф Рамашка:

“Узмацненне кантролю за рэалізацыяй птушкаводчай прадукцыі на рынках гораду: гэта і яйка, і мяса.

Наступнае — праведзена вакцынацыя пагалоўя курэй, якія знаходзяцца на прыватным падвор’і на ўсёй плошчы вакол птушкафабрык у радыусе трох кіламетраў і трохсотметровай зоне ад вадаёмаў.

У астатнім — узмацненне ўсіх мерапрыемстваў па санітарных нормах на вытворчых прадпрыемствах.”



ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ

Птушыны грып
адзін з вядомых вірусаў грыпу, якія інфіцыруе у асноўным птушак. Выяўлены выпадкі сімптаматычнага заражэння гэтай хваробай толькі хатняй жывёлы. Вірус цудоўна пераносіць замарозку, але гіне пры высокіх тэмпературах.

Як правіла, сімптомы птушынага грыпу не інфіцыруюць людзей, але вядомы смяротныя выпадкі ў Азіі за апошняе дзесяцігоддзе.


Тады мы вырашылі даведацца пра сітуацыю на беларускіх птушыных прадпрыемствах. Якія захады прынятыя зараз на буйнейшай у Беларусі Мінскай птушкафабрыцы №1 нам распавёў выканаўца абавязкаў старшыні Канстанцін Ліхач:

“У нас меры прымаюцца ўжо не адзін месяц. Усё гэта ідзе па лініі Міністэрства сельскай гаспадаркі і Галоўнага ветэрынарнага ўпраўлення. Каранцінныя меры на заводзе заключаюцца ў абмежаваным допуску на прадпрыемства асобаў, не звязаных з вытворчым працэсам.

Для саміх працоўных уведзены дадатковыя меры па выкананні санітарнага рэжыму. Акрамя таго праводзіцца праца з насельніцтвам, таму што на заводзе птушка знаходзіцца ў закрытым памяшканні, а ў прыватным падвор’і
мае кантакт з дзікімі птушкамі. Вось дзе асноўная праблема”.

Як прэвентыўная мера супраць птушынага грыпу на тэрыторыі краіны яшчэ з канца мінулага году ўведзена забарона на продаж жывой птушкі. На мінулым тыдні былі правераныя 4 птушкафабрыкі ў 4 абласцях. Ніякіх парушэнняў санітарных нормаў выяўлена не было.

На адмысловым паседжанні ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі было аб’яўлена пра магчымую забарону імпарту прадукцыі расійскіх птушкафабрык у Беларусь. Але ж толькі тых заводаў, на якіх будзе выяўлены вірус птушынага грыпу.

Пасля такіх заяў я вырашыў зайсці ў мінскую краму "Евроопт", вядомую сваімі таннымі коштамі на расійскую мясную прадукцыю. Цікава, але халадзільнікі для птушкапрадуктаў з Расіі насамрэч пачалі ў хуткім парадку запаўняць беларускімі пельменямі.

На мае пытанні, куды за некалькі гадзін падзелася расійская птушыная прадукцыя, адміністрацыя адказваць адмовілася. Пасля гэтага наша размова скончылася, і прадстаўнікі аховы ветліва вывелі мяне з крамы.

І напрыканцы. Падчас размовы з чыноўнікамі з ветінспекцыі мы выпадкова пачулі выраз, які быў адрасаваны нейкаму падначаленаму ветінспектару, але ж не нам дакладна: “…ды я ўжо дамовіўся. Гэтых курэй зараз хутка забірае першая птушкафабрыка…”

Насамрэч ніхто не ведае, пра якіх птушак ішла размова. Але ж пра сваё здароўе ўсё роўна час пачынаць клапаціцца.

Фота — http://ptigripp.narod.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі