У Беларусі павялічыўся “асабліва буйны памер”

1 кастрычніка на 30% вырасла базавая велічыня. А разам з ёю — прывязаныя да яе штрафы, зборы, арэндная плата і сацыяльныя выплаты. Але не толькі: з дапамогай “базавай” вызначаецца таксама памер страчанай у выніку злачынства маёмасці. Буйным памерам лічыцца шкода, што перавышае 250 базавых велічыняў, а асабліва буйным — 1 тысячу базавых велічыняў.

Старшыня юрыдычнай камісіі “Беларускага Хельсінкскага камітэта” Гары Паганяйла лічыць, што, нягледзячы на павышэнне базавай велічыні, у нашай краіне парог “асабліва буйнога памеру” шкоды застаецца вельмі заніжаным:

“Больш за траціну асуджаных у нашай краіне здзейснілі эканамічныя злачынствы. І вялікая група людзей трапляе пад дзеянне крымінальнага закона менавіта па значным, буйным і асабліва буйным памеры шкоды. Гэта праблема існуе, пра яе кажуць і навукоўцы, і праваабаронцы. Але наша дзяржава лічыць правільнай сваю жорсткую пазіцыю, якая ёсць у крымінальным заканадаўстве, і не адступаецца ад яе”.

Патрыманая іншамарка ў “асабліва буйным памеры”

250 базавых велічыняў — гэта 32,5 мільёна рублёў ці (па курсе на 2 кастрычніка 2013 года) 3567 долараў. За гэтыя грошы можна набыць прафесійны фотаапарат Canon ці плазменную панэль Panasonic на 65”. Прычым большая частка тэлевізараў такога класа каштуе даражэй.

Злачынцам, якіх міліцыя зловіць з такой скрадзенай тэхнікай, пагражае зняволенне ад 2 да 7 гадоў. У выпадку рабавання можна пазбавіцца волі ад 3 да 8 гадоў. З канфіскацыяй маёмасці.

Калі ж кошт выкрадзенай маёмасці перавышае базавую ў 1 тысячу і болей разоў, то наступае адказнасць за крадзеж ці рабаванне ў асабліва буйным памеры.

130 мільёнаў рублёў (1000 базавых) паводле курса Нацбанка — гэта зараз 14270 долараў. Столькі зараз каштуе на аўтарынку ў Мінску патрыманы Volkswagen ці Ford 2008 года выпуску. Пры гэтым адказнасць за крадзеж у асабліва буйным памеры — ад 3 да 12 гадоў пазбаўлення волі, за рабаванне — ад 5 да 13 гадоў!

Чаму ў Беларусі такія жорсткія пакаранні?

“Логіка такая: гэта разглядаецца як больш бязлітасны падыход, больш жорсткі. Гасподзь сказаў: “Не скрадзі!” — і таму, калі ты нават дробны ўчынак зрабіў — мы будзем гэта ацэньваць як злачынства і караць адпаведным чынам”, — працягвае Гары Паганяйла.

У Расіі “буйны памер” у пяць разоў большы

У Расіі памер страчанай у выніку злачынства маёмасці ні да чаго не прывязаны, а проста прапісаны ў Крымінальным кодэксе. “Буйным памерам” пры крадзяжы, рабаўніцтве і іншых злачынствах (акрамя махлярства) прызнаецца шкода, што перавышае 250 тысяч расійскіх рублёў (70,5 мільёна беларускіх рублёў ці 7738 долараў). “Асабліва буйны памер” — шкода, большая за мільён расійскіх рублёў (282 мільёны беларускіх рублёў, ці амаль 31 тысяча долараў).

Пры махлярстве з крэдытамі, плацежнымі картамі, а таксама махлярствах у сферы прадпрымальніцкай дзейнасці, страхавання і камп’ютарнай інфармацыі “буйны” і “асабліва буйны памер” буйнеюць у 6 разоў — да 1,5 мільёна ($46432) і 6 мільёнаў ($185630) адпаведна.

“Шмат у якіх краінах, дзе ёсць паняцце буйнога і асабліва буйнога памеру, гэта нашмат вышэй, чым у Беларусі, — канстатуе Гары Паганяйла. — Вядома, наша заканадаўства мае патрэбу ў дэкрыміналізацыі, асабліва там, дзе памеры гэтай шкоды не ўяўляюць пагрозы для грамадскай бяспекі. Там можна было б абысціся адміністрацыйнымі пакараннямі ці спагнаннем, калі асоба, што здзейсніла правапарушэнне, згодная пагасіць шкоду”.

У Беларусі ж гэтыя сумы ўзрастаюць толькі пры ўхіленні ад падаткаў. Шкода ў буйным памеры тады — больш за 1 тысячу базавых велічыняў ($14270), у асабліва буйным — больш за 2,5 тысячы базавых велічыняў ($35675). Апошняя лічба ў пяць разоў меншая за максімальны расійскі “асабліва буйны памер”.

Фота: oblvesti.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі