Вы тут

У Беларусі пашырылі спіс падставаў для хатняга навучання дзяцей

У Беларусі бацькі не могуць перавесці дзіця на хатняе навучанне на ўласнае жаданне / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Беларусі пашырылі спіс падставаў для хатняга навучання дзяцей. Адпаведная пастанова Міністэрства аховы здароўя апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Падставы разбітыя на тры групы: асобна для тых, хто павінен наведваць дзіцячы сад, асобна для школьнікаў, асобна для тых, хто атрымлівае прафесійна-тэхнічную і дадатковую адукацыю (гэта тычыцца дарослых).

У пераліку для школьнікаў, у прыватнасці, з'явіліся новыя захворванні і станы — напрыклад, сіндром Турэта, сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасць, глаўкома, адслаенне сятчаткі, хранічная рэспіраторная недастатковасць, кістозны фіброз.

Некаторыя пазіцыі "пашырылі" — калі раней хатняе навучанне прапаноўвалася дзецям з цукровым дыябетам I тыпу, то цяпер дома змогуць вучыцца і школьнікі з дыябетам II тыпу. Поўны спіс медыцынскіх падставаў можна паглядзець тут.

У Беларусі бацькі не могуць перавесці дзіця на хатняе навучанне на ўласнае жаданне. Для гэтага патрэбныя медыцынскія паказанні, якія вызначае Міністэрства аховы здароўя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.