У Беларусі пачалі справу на польскага суддзю, які не выдаў Сцяпана Пуцілу
Крымінальную справу пачала Генеральная пракуратура.
Генеральная пракуратура пачала крымінальную справу на суддзю акруговага суда Варшавы Дарыюша Любоўскага, паведамляецца на сайце ведамства. Яго падазраюць у распальванні нацыянальнай варожасці і сацыяльнай варожасці.
Прычынай стала рашэнне Любоўскага не выдаваць у Беларусь блогера і журналіста Сцяпана Пуцілу, якога ў Беларусі ўнеслі ў спіс тэрарыстаў. Адпаведнае рашэнне Любоўскі прыняў 26 студзеня.
У Польшчы Пуціла мае статус палітуцекача і міжнародную абарону.
Падчас суда Любоўскі рэзка выказаўся пра сітуацыю ў Беларусі і жорстка ахаратктарызаваў Аляксандра Лукашэнку. "Суды кіруюцца правамі чалавека, а не падвойнымі стандартамі, як гэта адбываецца ў Беларусі", — падкрэсліў ён, выносячы рашэнне.
Гэтыя выказванні ў Генпракуратуры Беларусі ацанілі як "заведама недакладную інфармацыю, накіраваную на распальванне нацыянальнай варожасці і сацыяльнай варожасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.