У Беларусі могуць зрабіць абавязковую ідэнтыфікацыю каментатараў на сайтах

У Беларусі могуць зрабіць абавязковую ідэнтыфікацыю каментатараў на сайтах

Улады рассакрэцілі папраўкі ў Закон аб СМІ. Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала з Палаты прадстаўнікоў праект закона "Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь". У асноўным яны датычаць закона "Аб сродках масавай інфармацыі", інфармуе прэс-служба БАЖ.

Дапускаецца добраахвотная рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ. "Сеткавыя выданні" будуць рэгістравацца ў агульным для традыцыйных СМІ парадку: рэдакцыяй зможа быць толькі юрыдычная асоба, якая знаходзіцца ў памяшканнях нежылога фонду; рэдактарам можа быць грамадзянін РБ з 5-гадовым стажам працы на кіруючых пасадах у сродках масавай інфармацыі. У выпадку рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсы і іх супрацоўнікі атрымліваюць абмежаваныя правы традыцыйных СМІ.

Астатнія сайты змогуць таксама працаваць, але без статуса сродку масавай інфармацыі. Іх супрацоўнікі не змогуць звяртацца ў дзяржорганы за акрэдытацыяй сваіх карэспандэнтаў, не змогуць яны карыстацца правамі журналістаў падчас масавых акцый, пры абароне крыніцы інфармацыі. Пры гэтым адказнасць будзе распаўсюджвацца на ўсе інтэрнэт-рэсурсы.

У праекце прапануецца здзяйсняць абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, як і раней, у пазасудовым парадку. Калі гэта будзе "сеткавае выданне", яго могуць без суда пакараць ануляваннем пасведчання аб рэгістрацыі. Таксама ўводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асоб, якія змяшчаюць матэрыялы на ўсіх інтэрнэт-рэсурсах, у тым ліку і тых, хто пакідае каментары, удзельнічае ў форумах. Фактычна прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў. Дапускаецца і магчымасць блакіроўкі сацыяльных сетак.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец мяркуе, што "дадзеныя змены ў заканадаўстве накіраваныя на ўзмацненне кантролю за сферай СМІ ў Беларусі". Свае заўвагі па законапраекце Беларуская асацыяцыя журналістаў перадасць у Палату прадстаўнікоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі