У Беларусі ліквідуюць наступствы панядзелкавага ўрагану
Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.
Віталь Навіцкі: "Па аператыўных звестках, у выніку парываў ветру да 21 м/с пацярпелі 48 населеных пунктаў. Пашкоджаныя дахі 95 жылых дамоў, трох аб'ектаў сацкультбыту, аднаго вытворчага і 70 сельскагаспадарчых будынкаў. Вядуцца аднаўленчыя працы. У Баранавічах паступіла паведамленне пра падзенне блочнага фасаднага франтону чатырохпавярховага жылога дома".
Як адзначыў Навіцкі, там вяліся рамонтныя працы. І ад падзення франтону пацярпелі дзве жанчыны-тынкоўшчыцы. Яны атрымалі лёгкія траўмы.
Па словах Навіцкага, у Слуцку выпаў град дыяметрам 2 см, але пацярпелых няма. Таксама ўраган абясточыў больш за 830 населеных пунктаў. Але да 6 гадзін раніцы без электрычнасці заставаліся толькі 15 з іх.