У Беларусі будзе больш +30 ℃: што рабіць, каб лягчэй перанесці спёку

Reuters
Reuters

Сіноптыкі прагназуюць у найбліжэйшыя дні анамальна гарачае надвор'е. У сераду і чацвер, 12-13 чэрвеня, днём на тэрмометры ў Мінску будзе больш +30. У паўднёвых раёнах яшчэ спякотней: у Брэсце ў другой палове тыдня чакаецца да +34 ℃.

Еўрарадыё сабрала рэкамендацыі медыкаў аб тым, што рабіць у спёку, каб лягчэй перанесці экстрэмальную тэмпературу. Яны датычацца ў першую чаргу гарадскіх жыхароў. У сельскай мясцовасці ратавацца ад спёкі прасцей: можна схавацца ў цені дрэў, дома або побач з вадаёмамі.

Каб пазбегнуць неспрыяльных наступстваў спёкі, медыкі рэкамендуюць:

— не выходзіць на вуліцу ў перыяд максімальнай актыўнасці сонца з 12 да 16 гадзін;

— піць як мага больш вадкасці, пажадана звычайнай пітной вады без газу;

— надзяваць лёгкае адзенне з натуральных тканін, капелюшы, панамы, кепкі, сонцаахоўныя акуляры;

— не ўжываць алкаголь (ён робіць арганізм больш адчувальным да высокай тэмпературы, а яго дзеянне шматкроць узмацняецца);

— абмежаваць разумовую і фізічную актыўнасць, захоўваць эмацыйны спакой (любое пераўзбуджэнне ўзмацняе рызыку ўзнікнення цеплавога або сонечнага ўдару);

— не выкарыстоўваць касметыку (скура павінная дыхаць, а касметыка забівае поры);

— не ажыццяўляць працяглыя паездкі на аўтамабілі, быць на дарозе максімальна ўважлівымі, часцей адпачываць;

— есці больш гародніны і садавіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі