У Беларусі будуць рабіць джынсы са сваёй тканіны

У Беларусі будуць рабіць джынсы са сваёй тканіны

У Беларусі плануюць рабіць джынсы са сваёй тканіны. Прычым такая тканіна практычна ўжо гатовая. Пра гэта 17 сакавіка заявіў старшыня канцэрна "Беллегпрам" Мікалай Яфімчык.

"Яшчэ раз падкрэслю: мы не імкнуліся зрабіць беларускія джынсы баваўнянымі, бо нам канкураваць з краінамі, тым жа Туркменістанам, дзе джынсы каштуюць 7 долараў, бессэнсоўна. А вось сумесь бавоўны, лёну і спецыяльных аздабленняў — можна", — перадае БЕЛТА словы Яфімчыка. Паводле яго, беларускія джынсы будуць прадукцыяй вышэй за сярэднюю коштавую катэгорыю.

Старшыня "Беллегпрама" паведаміў, што цяпер ідуць работы па давядзенні тканіны да аптымальнага стану. У праекце ўдзельнічаюць Аршанскі льнокамбінат і Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне.

Акрамя таго, да працы хочуць прыцягнуць калег з Туркменістана. "Яны гатовы супрацоўнічаць, каб рабіць аздабленне. Давядзенне да стану розных эфектаў — пакамячанасці, сціснутасці, лазерных малюнкаў — гэта ўсё ручная работа. Туркмены дасягнулі добрых вынікаў у гэтым. Чаму б нам не скарыстацца падзелам працы?" — мяркуе Яфімчык.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі