У Баранавічах тры падлеткі збілі і абрабавалі міліцыянта

На траіх баранавіцкіх падлеткаў праваахоўнікі пачалі крымінальную справу. Маладыя людзі напалі на супрацоўніка Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы і збілі яго. Як распавядае газета "Intex-press", увечары 22 траўня 22-гадовы міліцыянт вяртаўся дадому. Да яго ззаду падбеглі трое хлопцаў, напалі, збілі яго, скралі мабільны тэлефон, партманэт, у якім было каля 700 тысяч рублёў, і ўцяклі.

Пацярпелы ад атрыманых траўмаў знепрытомнеў. А калі ён ачомаўся, з цяжкасцю дабраўся дадому і выклікаў "хуткую", якая забрала яго ў лякарню.

Па словах следчага, нападнікі не ведалі, з кім маюць справу – міліцыянт быў апрануты не ў форму. Толькі потым, калі па шляху дадому яны адкрылі скрадзены кашалёк, знайшлі ў ім міліцэйскае пасведчанне.

Маладыя людзі растрацілі выкрадзеныя грошы, а партманет выкінулі. Падазроных у здзяйсненні злачынства – раней несудзімых хлопцаў 15, 17 і 18 гадоў – затрымалі, скрадзены "мабільнік" у іх забралі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі