Вы тут

У Баранавічах “шэрыя” рыэлтары перасялялі алкаголікаў у вёску

Фота: sb.by

У Баранавічах “шэрыя” рыэлтары выкуплялі ў алкаголікаў кватэры па моцна заніжаных коштах, а потым іх перапрадавалі. Былых гаспадароў гарадскога жылля перасялялі ў вёску Зубялевічы. На некалькі гадоў сюды прыехала з горада пяць чалавек. У іх утварылася кампанія: разам выпівалі, нідзе не працавалі, некаторыя мелі раней судзімасці. За кампаніяй назіраў участковы, якога насцярожыла сістэматычнасць з’явы. Кіраўніцтва Жарабковіцкага сельсавета, у які ўваходзяць Зубялевічы, таксама падазравала дзіўную схему, але вымушанае было рэгістраваць новых вяскоўцаў, бо ўсе дакументы ў іх былі “чыстыя”.

Урэшце рыэлтарамі зацікавіліся супрацоўнікі шостага ўпраўлення ГУБАЗіК МУС. У выніку была распачатая крымінальная справа, якой цяпер займаецца Следчы камітэт.

Схема была наступная. Уладальнік агенцтва нерухомасці, якое ажыццяўляла ўсе падазроныя ўгоды, раней меў судзімасць акурат за махінацыі з нерухомасцю. Вярнуўшыся на волю, ён зноў заснаваў бізнэс і пачаў працаваць з алкаголікамі, якія мелі ўласныя кватэры.

Знаходзілі падстаўных пакупнікоў, якія прыводзілі сваіх ахвяраў у агенцтва. Там жыллё ацэньвалі і давалі яму вельмі заніжаны кошт. З гэтай сумы вылічвалі кошт прыватызацыі, запазычанасць за “камуналку” і кошт дома ў вёсцы. Былому гаспадару кватэры даставалася невялікая сума грошай і вясковы дом. Гарадская кватэра пазней перапрадавалася. З 2014 па 2016 год такім спосабам зламыснікі зарабілі 200 тысяч рублёў. А ўсяго Следчы камітэт выявіў сем фактаў “выгаднага абмену”, піша sb.by