Вы тут

У Бабруйску знайшлі 800-гадовы меч

Той самы меч / Скрыншот з відэа "Беларусь 1"

У Бабруйску знайшлі старажытны меч. Мясцовы жыхар адкапаў яго ў зямлі і перадаў работнікам краязнаўчага музея. Як паведамляе тэлеканал "Беларусь 1", знаходка можа адносіцца да сярэдзіны XIII стагоддзя (ёсць меркаванні, што меч можа быць і старэйшы). Ён належаў статутнай асобе таго часу — мае сляды пакрыццяў узорамі з каштоўных металаў. Меч апусцілі ў дыстыляваную ваду, каб пазбавіцца ад лішніх солей і налёту.  

Дакладнае месца, дзе была зроблена знаходка, навукоўцы не называюць, каб выключыць ажыятаж сярод чорных капальнікаў. Там будуць праведзены архіалагічныя раскопкі.

Год таму ў Бабруйску знайшлі 1000-гадовы пазалочаны шлем, які добра захаваўся. Было заяўлена, што гэта археалагічная сенсацыя. Гісторык, дэпутат Ігар Марзалюк заявіў, што, магчыма, ён належаў князю Ізяславу Полацкаму. Шлем ужо вярнуўся з рэстаўрацыі. У Бабруйскім краязнаўчым музеі рыхтуюць для яго асаблівае месца ў экспазіцыі. Прэзентацыя для шырокай публікі адбудзецца летам.

Ёсць меркаванне, што знойдзеныя ў Бабруйску шлем і меч могуць быць звязаны паміж сабой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.