У Аршанскім раёне паправіліся пасля каранавіруса паўтары тысячы чалавек

У Аршанскім раёне паправіліся пасля каранавіруса паўтары тысячы чалавек

У Беларусі па-ранейшаму цэнтралізавана не паведамляецца статыстыка па сітуацыі з каранавірусам у рэгіёнах. Нейкія агульныя звесткі ці нават лічбы гучаць з вуснаў чыноўнікаў ці Аляксандра Лукашэнкі. Таксама статыстыка часам з'яўляецца ў раённых дзяржаўных выданнях.

"Аршанская газета" паведамляе, што ў раёне "выяўленне новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі знізілася і знаходзіцца на ўзроўні красавіка". Адзначаецца зніжэнне колькасці пнеўманій. Зноў жа лічбы не называюцца. Вядома, што па стане на 21 ліпеня ў Аршанскім раёне было праведзена 14,5 тысячы тэстаў на каранавірус і больш за 3400 экспрэс-тэстаў. Паправіліся і выпісаны з бальніц 1583 чалавекі. У раёне жыве каля паўтары сотні тысяч чалавек. Атрымліваецца, што, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, перахварэў кожны соты. Пры гэтым невядома, колькі чалавек там яшчэ хварэе і колькі памерла.

У Полацку і Полацкім раёне было зарэгістравана 836 выпадкаў заражэння каранавірусам. Паправіліся 637 чалавек, на амбулаторным лячэнні знаходзіцца 134 чалавекі. Праходзіць лячэнне 51 пацыент з пнеўманіяй (36 з іх старэйшыя за 65 гадоў), 6 з іх — у цяжкім стане, піша "Полацкі веснік". Адзначаецца, што за тыдзень выпадкі пнеўманій знізіліся на 24%.

Напярэдадні пра сітуацыю з каранавірусам у рэгіёнах выказаўся міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, яна "усюды кіраваная", фіксуецца "стабільнае зніжэнне колькасці хворых". Пры гэтым 22 ліпеня ў нашай краіне зноў павялічылася колькасць новых выпадкаў заражэння каранавірусам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі