У апазіцыі нават у дзень выбараў не хапае назіральнікаў

Еўрарадыё даведалася аб гэтым нечакана, калі запыталася ў каардынатара па назіранні Аляксандра Бухвостава, ці не збіраецца АДС дапамагчы Віктару Кавальчуку, у якога толькі 15 назіральнікаў на 39 участкаў. Выявілася, спадар Бухвостаў не ўпэўнены нават, што на ўсе ўчасткі, дзе зарэгістраваныя дэмакратычныя кандыдаты, хапае назіральнікаў. Тым часам, як даведалася Еўрарадыё, апазіцыя сочыць за галасаваннем на тых участках, дзе няма дэмакратычных кандыдатаў – яна замярае ці адбываецца байкот. Аляксандр Бухвостаў: “Не, у нас і так не ўсе акругі закрываюцца. Гэта залежыць ад кандыдатаў у першую чаргу, як ён арганізуе”.

ЕРБ:
“На ўсіх акругах, дзе ёсць апазіцыйныя кандыдаты, працуюць назіральнікі?”

Бухвостаў: “Практычна, так. Ну, можа, па адным. Але практычна так”.

ЕРБ: “Практычна – гэта значыць, не ўсюды?”

Бухвостаў: “Так. Я думаю, што… Ну, у мяне такой інфармацыі няма”.

Адзначым, што сёння на прэс-канферэнцыі Аляксандр Бухвостаў паведаміў, што агулам было падрыхтавана 2400 назіральнікаў АДС.

У той самы час, Вінцук Вячорка, хоць і зняў сваю кандыдатуру з выбараў, усё роўна накіраваў сваіх назіральнікаў на ўчасткі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не хацеў бы спадар Вячорка падзяліцца сваімі назіральнікамі з іншымі апазіцыйнымі, альбо незалежнымі кандыдатамі. Бо там жа назіральнікаў не хапае! Як выявілася, большасцю назіральнікаў палітык падзяліўся. Але не ўсім ён гатовы аказаць такую дапамогу.

Вінцук Вячорка: “Я паставіў назіральнікаў на некаторыя ўчасткі, бо бальшыню назіральнікаў са сваёй каманды я накіраваў на акругу Валянціны Свяцкай. А мэта назіральнікаў – адсачыць, якім чынам забяспечваецца яўка”.

Лёс Віктара Кавальчука спадара Вячорку не так турбуе, бо той заявіў аб сваёй незалежнасці ад партыяў. Няхай тады, маўляў, і спраўляецца сваімі сіламі.

Вінцук Вячорка: “Гэта праблема Кавальчука, які ўсюды сцвярджае, што ён не залежыць ад партыяў, ад улады, ад апазіцыі. І гэта яго праблема даказаць, што ў яго ёсць патэнцыял большы, чым у палітычных партыяў. Ён кінуў выклік палітычным партыям, хай гэты выклік і нясе. А я перадаў сваіх людзей тым, хто не хавае сваёй партыйнай прыналежнасці”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі