Вы тут

У Алматы сілавікі стралялі ў людзей з плакатам "Мы — мірны народ"

Удзельнікі пратэсту / Фота з сацсетак

З'яўляюцца сведчанні пра тое, як пад агонь сілавікоў у Алматы трапляюць не марадзёры ці ўзброеныя баевікі, а мірныя пратэстоўцы, і сярод іх ёсць ахвяры. Адно з іх прыводзіць t.me/vlastkz.

Актывіст каля 17-й гадзіны па мясцовым часе быў каля будынка гарадской адміністрацыі — ішоў у краму і пабачыў людзей, якія прыбіралі смецце. Неўзабаве з'явіліся і іншыя актывісты.

"У іх былі транспаранты з тканіны, на якіх было напісана "Такаеў [прэзідэнт Казахстана], адводзь войскі [АДКБ], мы — мірны народ", і "Мы — жыхары Алматы, мы не тэрарысты", — расказвае ён. — Прыкладна да 18:30 мы расцягвалі тканіны з надпісамі, скандавалі лозунгі і рабілі фатаграфіі".

На плошчы ў той момант не было сілавікоў — "толькі мірныя дэманстранты". Калі стала цямнець, сведка адлучыўся дахаты, і неўзабаве пачуў стрэлы і выбухі.

"Людзі пачалі ўцякаць з плошчы і каля майго пад'езда сабралася група, — расказвае ён. — З сабой... вялі маладога хлопца, які быў паранены. Яны вымушаныя былі пакінуць яго..., таму што ў іх сталі страляць".

Пазней, калі да хлопца вярнуліся, ён ужо не дыхаў. Выклікаць хуткую не ўдалося — не было машын. "Цела хлопца дагэтуль ляжыць на плошчы", — кажа мужчына. Паводле яго слоў, ён бачыў, як забілі яшчэ некалькі хлопцаў. "Спачатку ў актывістаў стралялі халастымі, але пасля невялікай паўзы пачалі страляць баявымі", — сведчыць ён.

З іншай крыніцы вядома, што мірных пратэстоўцаў было 50-60 чалавек. "Тыя, хто сапраўды хоча пераменаў, стаяць на плошчы нягледзячы ні на што... спадзяюцца, што будуць пачутыя, — кажа іншы сведка. — Але ніхто іх не чуе. Усё адключана, а прапаганда дзяржавы робіць выгляд, што іх няма".

Тым часам пад абстрэл трапіла здымачная група тэлеканала "Алматы": загінуў кіроўца, журналіст паранены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.