У 2019 годзе ў Беларусі не ўвядуць ID-карты і біяметрычныя пашпарты

У 2019 годзе ў Беларусі не ўвядуць ID-карты і біяметрычныя пашпарты. Рэалізацыю праекта перанеслі на 2020 год. Пра гэта ў інтэрв'ю "Беларусь сегодня" распавёў намеснік начальніка ўпраўлення па грамадзянстве, пашпартнай працы і выездзе за мяжу МУС Павел Хрышчановіч. Паводле яго слоў, "тэарэтычна" гэта можна было зрабіць у пачатку наступнага года, але "пакуль няма сэнсу, паколькі, па сутнасці, гэта будзе толькі голы пластык".

Хрышчановіч кажа, што на сённяшні дзень усе базы дадзеных у краіне працуюць на розных платформах. Ужо падрыхтаваная дарожная карта па іх аб'яднанні (гэта зрабілі МУС і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі).

Прадстаўнік МУС паведаміў, што праект стартуе з 1 студзеня 2020-га. Тады ID-карта стане абавязковым дакументам для кожнага беларуса. За яе давядзецца заплаціць 1 базавую велічыню (на сённяшні дзень гэта 24,5 рубля).

ID-карты ўяўляюць сабой пластыкавыя карткі з біяметрычнай інфармацыяй грамадзяніна (яна запісаная на чыпе). У Міністэрстве ўнутраных спраў адзначаюць, што галоўная іх перавага ў тым, што падробка практычна немагчымая.

Фота: БЕЛТА