Тысячы бежанцаў, скрадзены фрэгат і забітыя расіяне

У нядзелю 2 сакавіка “ВКонтакте” з’яўляецца паведамленне ад імя лідара радыкальнага “Правага сектара” Дзмітрыя Яраша, у якім той звяртаецца да чачэнскага сепаратыста Доку Умарава з заклікам “са зброяй у руках падтрымаць антырасійскія сілы ва Украіне”. Зварот вісіць там некалькі гадзінаў. Пакуль старонка не выдаляецца цалкам. У “Правым сектары” тлумачаць, што адбыўся захоп акаўнта.

“Наша старонка была на паўгадзіны заблакаваная. Таксама быў узламаны акаўнт аднаго з адміністратараў групы. Зараз такой навіны на нашай старонцы няма. Арыгінальнымі навінамі групы з'яўляюцца толькі тыя, якія ў цяперашні час апублікаваныя. Пазіцыя “Правага сектара” з'яўляецца такой — не паддавацца на правакацыі і першымі нічога не пачынаць, але мы гатовыя адказваць акупацыйным войскам Расійскай Федэрацыі, калі яны пачнуць баявыя дзеянні”.

Тлумачэнні дапамагаюць мала — расійскія СМІ ахвотна дэманструюць сваім чытачам скрыншоты са зваротам “Правага сектара” да чачэнцаў, не падаючы абвяржэння ўкраінцаў.

“Захопліваюць" расійскія СМІ і ўкраінскі фрэгат “Гетман Сагайдачны” пад камандаваннем контр-адмірала Андрэя Тарасава. Вечарам у пятніцу маскоўскія інфармагенцтвы паведамляюць, што “карабель адмовіўся падпарадкоўвацца загадам Кіева, над ім узняты Андрэеўскі сцяг, пад якім фрэгат вяртаецца з Адэнскага заліва ў Чорнае мора”.

Абвяржэнне Мінабароны Украіны, якое з’яўляецца на афіцыйным сайце ведамства праз некалькі гадзін, у Расіі мала каго цікавіць. Магчыма, таму, што напісана па-ўкраінску.

Але асабліва вызначаецца ў інфармацыйнай руска-ўкраінскай вайне “Першы канал” расійскага тэлебачання. У першыя дні ўварвання яго журналісты выпускаюць сюжэт пра… дзясяткі тысяч украінскіх бежанцаў, якія ратуюцца ў Расіі ад натоўпаў крыважэрных бандэраўцаў.

“Толькі за апошнія два тыдні мяжу перайшлі звыш 140 тысяч чалавек. І сярод іх не толькі жыхары паўднёва-ўсходніх раёнаў Украіны, але таксама цэнтральных і заходніх. Яны прыбываюць ў Курск, Белгародскую, Растоўскую і Бранскую вобласці. Як адзначыў кіраўнік Курскай вобласці Аляксандр Міхайлаў, рэгіён гатовы дапамагчы людзям, якія прыязджаюць з Украіны”

Ілюструюць сюжэт расійскія журналісты кадрамі з памежных чэргаў, знятых на пераходзе ў “Шчэгінях”. Чэргі там насамрэч вялізныя. Але сам пераход размешчаны на… украінска-польскай мяжы. А зусім не на расійскай.

Аднак самая маштабная дэзінфармацыя датычыць не сотні тысяч бежанцаў, і нават не фрэгата “Сагайдачнага”. 1 сакавіка спікер Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка заяўляе, што паводле яе інфармацыі падчас штурму будынку МУС Крыма загінулі грамадзяне Расіі. Праўда, дакладную колькасць загінулых і крыніцу інфармацыі Матвіенка журналістам не агучыла. Што не перашкодзіла ім цытаваць спікера ў сваіх СМІ. Спікер усё ж такі, не дзядзька Вася.

Аб тым, што генеральны консул Расіі ў Крыме Вячаслаў Святлічны ўжо на наступны дзень абвяргае інфармацыю аб загінулых расіянах, паведамляе адно нейтральная “Лента.ру”. Іншыя маўчаць. Дый што тут скажаш, калі Савет Федэрацыі, грунтуючыся на інфармацыі Матвіенкі, ужо дазволіў Пуціну ўводзіць у Крым расійскія танкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі