Труну з целам Міхаіла Жызнеўскага пранеслі па цэнтры Кіева (фотарэпартаж)

Да яе пачатку ў сабор прыехалі лідары апазіцыі – Віталь Клічко, Арсень Яцанюк і Алег Цягнібок. Яны зайшлі ў сабор першымі. Пасля гэтага на паніхіду, прыкладна а 13-ай гадзіне, прывезлі цела загінулага беларуса. У храм труну неслі шасцёра сябраў УНА-УНСО ў камуфляжы і чорных масках на тварах.

Паніхіда доўжалася прыкладна гадзіну. Трапіць на яе не змагла і палова жадаючых. На развітанне з беларусам прыйшлі тысячы украінцаў – яны цалкам запоўнілі храм і тэрыторыю вакол яго. Чарга расцягнулася далёка за браму сабора. Пасля заканчэння паніхіды працэсія з труной прайшла ад сабора да Майдана і барыкадаў. Традыцыйнае нядзельнае народнае веча з прычыны развітання з беларусам было адмененае.

Гамяльчанін Міхаіл Жызнеўскі не жыў у Беларусі амаль дзесяць гадоў, апошнія гады правёў у горадзе Біла Цэрква. З’яўляўся актыўным сябрам нацыяналістычнай украінскай арганізацыі УНА-УНСО. У пратэстах на Майдане ўдзельнічаў ад самага іх пачатку, займаўся аховай тэрыторыі плошчы. Трагічна загінуў на вуліцы Грушэўскага 22 студзеня, праз тры дні пасля пачатку вулічных сутычак. Куля трапіла яму проста ў сэрца і прайшла навылет, Міхаіл памёр на месцы здарэння. Падрабязнасці абставінаў яго смерці, як і асоба стралка, дакладна не вядомыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі