Троіца: Калі не будзе разводаў у Беларусі - наша заслуга!

Для таго каб прэзентаваць новы альбом “Зімачка”, “Троіца” павінна была вырашыць складаную задачу: выбраць з чатырохсот трэкаў, якія склалі песні “Зімачкі”, самыя галоўныя. Каб дзевяць кампазіцый на канцэрце гучалі амаль як на пласцінцы. Іван Кірчук, падобны на сівога волата-анёла, знаёміў гледачоў з новым дыскам.

Іван Кірчук: “Сёння такое свята і для нас таксама, і, відаць, для тых, хто ведае “Троіцу”: упершыню за 12 гадоў існавання гурта прагучаць усе песні, якія былі запісаныя ў Варшаве. Гэта вельмі складана, таму што “Троіца” шмат эксперыментуе. І калі ёсць магчымасць працаваць у студыі, напрыклад, пяць тыдняў, то мы пішам шмат трэкаў. На гэты раз было 420! Таму было вельмі складана выбраць, што паказаць, як вам сыграць сёння кампазіцыю, каб яна была больш падобная да таго, што ёсць на кампакт-дыску”.

Песні “Зімачкі”, адметнасць якіх - разгорнутыя інструментальныя кавалкі, стылістычная эклектыка, магутныя вакальныя пачкі і пяшчотныя вакалізы, гучалі ў канцэртным парадку. Яны пранікалі ў гледачоў, выхоўвалі іх і прывучалі іх сябе палюбіць. Нібыта атрымалася!

Глядач: “Спадабалася! Я ўжо не памятаю назвы. Па-мойму, трэцяя. Там быў цікавы падыход, сплаў нейкага року ў брытанскіх традыцыях з нашым стылем”.

Кожная песня “Троіцы” мае сваю гісторыю, кожная песня аберагаецца гуртом з любоўю і пяшчотай. Іван Іванавіч можа бясконца распавядаць цікавыя нюансы мінуўшчыны і пераносіць іх на сучаснае жыццё, робячы мудрыя высновы.

Іван Кірчук: “Гэтая песня цікавая, на мой погляд, тым, што сёння маладыя, калі развітваюцца з бацькамі, то яны назаўтра зноў прыходзяць, узяць грошай, трошкі прадуктаў, а ў старыя часы бывала так, што маладая ад’язджала і ніколі не вярталася. Таму мне здаецца, што гэты плач старадаўні гаворыць пра тое, што калі ты ўжо маеш сваю сям’ю, дык ужо і займайся сваёй сям’ёй. “Дабранач, мамка, дабранач”.

Ці стануць складаныя па структуры і няпростыя для ўспрымання песні “Зімачкі” хітамі, і ці патрэбна гэта – пакажа час. Пакуль жа слухачы з радасцю сустракалі другую частку праграмы канцэрта, дзе прагучалі любімыя “Дубравушка”, “Каменная печачка”, “Ажаніла”, новааранжараваная “Галя” , “Шэльма”, якой “Троіца” “ганяе” нядобрыя думкі.

Іван Кірчук: “Звычайна бабулі ў экспедыцыях кажуць, што вы, маладыя, не ўмееце жыць. А мы жыццё пражылі, не здрадзілі адно аднаму. А мы знайшлі песню, дзе здраджвалі. Таму яна і “Шэльмушка”. Сучасная тэматыка такая. Але я заўсёды кажу, што мы гэтую Шэльму ганяем у песні, таму калі не будзе разводаў у Беларусі – гэта наша заслуга!”

Мяркуем, ні адзін прысутны на канцэрце вынесе за дзверы КЗ “Мінск” гісторыю пра вясельную лыжку і сем чарак, вычарпальна выкладзеную Іванам Іванавічам.

Іван Кірчук: “Калі глядзець у старадаўнія часы, калі гарэлку на вяселлі пілі лыжкай адной, і калі даставалася дзве альбо тры лыжкі гарэлкі, лічылася, гэта вельмі багатае было вяселле. Таму не напіваліся нашы продкі. А чары, як чаркі, тыя чары старадаўнія, адпавядаюць сямі станам чалавека: пасмялеў з першай чары, пахмялеў, павесялеў, пап’янеў, п’яным стаў, паспяваў і паскакаў. Не ўсе сем за сталом выпіць, седзячы так. Ёсць праграма ўжо – што рабіць (смяецца)”.

Было шмат бісаў, былі “Тры янгалы”, “Яблынь”, “Журавы”. І ўсім было проста добра.

Фота: Павел Бакшэеў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі