Вы тут

Трое чалавек, асуджаных за абразу Лукашэнкі, прызнаныя палітвязнямі

У зале суда / t.me/MAYDAYhr

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі трох чалавек, асуджаных па абвінавачанні ў хуліганстве і абразе Аляксандра Лукашэнкі. 

Гэта асуджаныя Круглянскім судом Сяргей Скок (тры гады пазбаўлення волі), Вольга Клімкова (тры з паловай гады пазбаўлення волі), Максім Сяргеенка (тры з паловай гады пазбаўлення волі). Як распавядала Еўрарадыё, іх асудзілі за вывешаныя на мастах раставыя лялькі "з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асоб".

"Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Сяргея Скока, Вольгі Клімковай, Максіма Сяргеенкі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. 

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць Скока, Клімкову і Сяргеенку і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама праваабаронцы прапаноўваюць дэкрыміналізаваць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў (арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса) і спыніць усе раней пачатыя па гэтых артыкулах крымінальныя справы.

Акрамя таго яны патрабуюць ееадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта", Беларускі ПЭН-цэнтр, цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", "Ініцыятыва FORB", Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На сёння ў Беларусі налічваецца 363 палітвязні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.