Трэнер ФК "Нёман" патлумачыў, чаму надзеў на матч майку з "Пагоняй"

Трэнер ФК "Нёман" патлумачыў, чаму надзеў на матч майку з "Пагоняй"

Галоўны трэнэр гродзенскага футбольнага клубам "Нёман" Ігар Кавалевіч 17 чэрвеня выйшаў на матч з БАТЭ ў майцы з гербам "Пагоня". Гэта адразу заўважылі заўзятары і карыстальнікі сацсетак, якія ўхвалілі ўчынак трэнера. 

Гульня, дарэчы, скончылася перамогай БАТЭ — 3:2. Барысаўская каманда забіла вырашальны гол на апошняй хвіліне асноўнага часу.

У каментары Радыё "Свабода" Ігар Кавалевіч расказаў, што майку яму падарылі прыкладна месяц таму аматары футболу з Віцебска. Сам ён гуляе за віцебскую аматарскую футбольную каманду "Зграя".

Кавалевіч падкрэслівае, што герб "Пагоня" — гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі: "Я беларус. Гэта культурна-гістарычная спадчына Беларусі. Вы не блытайце маю майку з палітыкай. Гэта прыгожая жоўтая майка, якую падарылі сябры, прыгожы сімвал".

На пытанне, ці не рабіла кіраўніцтва яму заўвагу за гэтую майку, Кавалевіч шчыра здзіўляецца: "Чаму мне павінны рабіць заўвагі, калі "Пагоня" афіцыйна дазволеная Саветам міністраў з 2007 года? Няўжо яна нясе агрэсію? Гэта проста гістарычны знак".

Дарэчы, ФК "Нёман" вядомы сваёй арыентацыяй на беларускасьць. Сёлета ўвесну падчас матча з "Віцебскам" гродзенскія фанаты разгарнулі ў перапынку вялізную Трэцюю Устаўную грамату БНР.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі