Вы тут

Трэці рэйх, СССР, Расія: дзе і як пазбаўлялі і пазбаўляюць грамадзянства

Беларускія сілавікі выступілі з ініцыятывай пазбаўляць грамадзянства за "нянавісць да Беларусі" / internationalwealth.info

У кастрычніку сілавікі ў Беларусі прапанавалі пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія выехалі з краіны і якія, як заявіў начальнік ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі, "ненавідзяць яе і сёння працуюць у інтарэсах заходніх краін".

З чэрвеня 2021 года ў Беларусі ўжо ўступілі ў сілу змены ў закон аб грамадзянстве для тых, хто яго набыў, а не атрымаў па нараджэнні. Цяпер адабраць грамадзянства могуць у тых, хто "прызнаны вінаватым у здзяйсненні шэрагу злачынстваў — экстрэмісцкіх, тэрарыстычных альбо тых, што наносяць цяжкую шкоду інтарэсам Беларусі". Аднак пакуль не вядома ніводнага прысуду, якім чалавека пазбавілі б грамадзянства.

Еўрарадыё вырашыла паглядзець, дзе яшчэ пазбаўлялі і дагэтуль пазбаўляюць грамадзянства.

У кастрычніку сілавікі ў Беларусі прапанавалі пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія выехалі з краіны і якія "ненавідзяць яе і сёння працуюць у інтарэсах заходніх краін" / 4esnok.by

Трэці рэйх

За 12 гадоў існавання Трэцяга рэйха каля 39 тысяч чалавек былі пазбаўленыя яго грамадзянства. Рэч у тым, што ў нацысцкай Германіі з 14 ліпеня 1933 года дзейнічаў так званы закон "аб адмене натуралізацыі і пазбаўленні нямецкага грамадзянства", які дазваляў пазбаўляць людзей грамадзянства.

Яго выкарыстанне не прымусіла сябе доўга чакаць. Праз паўтара месяца, 25 жніўня 1933 года, быў апублікаваны першы спіс з 33 чалавек, якіх пазбавілі грамадзянства Трэцяга рэйха, сярод іх: вядомы пісьменнік Ліён Фейхтвангер, першы прэзідэнт Веймарскай рэспублікі Філіп Шэйдэман, пісьменнік Генрых Ман, брат нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Томаса Мана, якога грамадзянства пазбавілі крыху пазней, а таксама іншыя вядомыя германскія інтэлектуалы таго часу.

Апошні спіс "пазбаўленцаў" быў падпісаны 7 красавіка 1945 года, усяго за месяц да абрынання Трэцяга рэйха. За гэты час нацысты паспелі пазбавіць грамадзянства Бертольта Брэхта, Альберта Эйнштэйна, Эрыха Марыю Рэмарка, Стэфана Цвейга, Ханну Арэнт, Вілі Бранта і іншых.

 

СССР

У часе існавання Савецкага Саюза пазбаўленне грамадзянства выкарыстоўвалася як механізм палітычных рэпрэсій супраць "праціўнікаў савецкай улады".

Адным з першых буйных выпадкаў пазбаўлення грамадзянства і высылкі з краіны быў так званы "Філасофскі параход" у 1922 годзе, калі з СССР выслалі каля двухсот прадстаўнікоў "апазіцыйнай" інтэлігенцыі: пісьменнікаў, філосафаў, навукоўцаў.

За час існавання СССР грамадзянства былі пазбаўленыя дзясяткі тысяч чалавек, сярод якіх Салжаніцын, Растраповіч, Вайновіч, Любімаў і іншыя.

Адным з першых буйных выпадкаў пазбаўлення грамадзянства і высылкі з СССР быў так званы "Філасофскі параход" у 1922 годзе / novosti-saratova.ru

Заходняя Еўропа

Напрыклад, цяпер у Германіі могуць пазбавіць грамадзянства людзей, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на баку тэрарыстаў. Падобныя правілы дзейнічаюць у Вялікабрытаніі, дзе з 1981 года МУС дазволілі пазбаўляць чалавека падданства, калі гэта "працуе на грамадскую карысць".

З вядомых за апошнія гады выпадкаў — гэта пазбаўленне грамадзянства Вялікабрытаніі Джэка Лэтса, больш вядомага па імі "Джыхадзі Джэк", які ваяваў на баку ІДІЛ. А таксама ануляванне грамадзянства расійскай шпіёнкі Ганны Чэпмэн.

 

Пост-СНД

Сярод постсавецкіх краін законы аб пазбаўленні правоў ёсць у Азербайджане, дзе прадугледжана аўтаматычнае пазбаўленне за тэрарызм, рэлігійны экстрэмізм і распаўсюджванне варожых рэлігійных плыняў.

У Казахстане ў Крымінальным кодэксе ёсць папраўкі, якія дазваляюць караць пазбаўленнем грамадзянства за нанясенне "цяжкай шкоды жыццёва важным інтарэсам" краіны. Напрыклад, адным з такіх злачынстваў ёсць "замах на жыццё першага прэзідэнта — Елбасы — Нурсултана Назарбаева". Праўда, за гэта могуць прысудзіць да найвышэйшай меры пакарання — смяротнага пакарання.

Пазбавіць грамадзянства могуць і ў Расіі. Такая магчымасць з'явілася ў 2017 годзе. Зрабіць гэта могуць за загадзя лжывыя звесткі, прадстаўленыя ў органы, а таксама "за тэрарызм і злачынствы супраць канстытуцыйнага ладу Расіі". Пазбаўленне афармляецца праз суд. Пры гэтым пазбаўленага грамадзянства чалавека могуць нікуды і не выдвараць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.