"Трэба перакладаць масавую культуру": дзе глядзець пра Elden Ring па-беларуску

Elden Ring / FromSoftware
Elden Ring / FromSoftware

Пад канец вясны ў сегменце беларускамоўнага ютуба зʼявіўся яшчэ адзін канал — пра відэагульні. Дагэтуль разборы сюжэтаў і праходжання карыстальнікі мусілі глядзець ці на англа-, ці на рускамоўных пляцоўках. Цяпер ёсць альтэрнатыва — і канал "Рудзі" пачаўся з ролікаў пра "хайповыя" Skyrim і Elden Ring.

У жыцці я карыстаюся расійскай, але ж маю досвед беларускай, бо ў юнацтве, у сярэдзіне нулявых, спрабаваў нейкі час гаварыць на ёй. Але ж зараз ёсць як ёсць. Пішу на ёй у твітары, ёсць некаторая колькасць беларускамоўных у атачэнні — і з імі таксама, — расказвае Еўрарадыё стваральнік канала "Рудзі". — Заўсёды лічыў яе роднай, і для мяне ніколі не ўзнікала пытанняў, навошта і каму яна патрэбна. Я шмат спрабаваў чаго рабіць і ў ютубе, і вось неяк склалася, што сумясціліся і беларуская, і мае любімыя відэагульні.

Суразмоўнік упэўнены: кантэнту на беларускай мове мусіць быць як мага больш, каб усё больш людзей пачыналі яе ўжываць.

Я лічу, што на беларускай павінна быць, і гэта з самага галоўнага, — масавая культура. Перакладаць усё, што можна і трапляе пад руку, ствараць тое, што актуальна зараз, актуальна для ўсіх узростаў і сацыяльных груп. Я разумею, што, умоўна, Караткевіч ці Быкаў нашае ўсё, але ж трэба, каб на любы запыт у інтэрнэце, хоць пра 18+, заўсёды была хоць адна спасылка на беларускай. Каб у чалавека быў заўсёды выбар — паглядзець яму новы серыял на беларускай ці англійскай. Каб на запыт "Пра што сюжэт Skyrim" ён атрымаў хоць адно відэа на беларускай, а не толькі дзясяткі на расійскай. Ён можа не выбіраць яго, але ж яно павінна быць. Тыкток на беларускай — файна, "Вядзьмар" і "Гары Потэр" — цудоўна. Трэ коміксы, кіно, гульні. Тое, што трэба людзям цяпер і тут.

Сам аўтар канала любіць глядзець "лэтсплэі" (ад слоў "let’s play" — калі аўтар відэа гуляе і адначасова каментуе), але на беларускай мове такіх пакуль не знайсці.

Я сваімі высілкамі хацеў бы закрыць хоць крыху гэтую вялікую дзірку "відэагульні", але ж я звычайны чалавек з сваімі клопатамі, які знаходзіць вольны час добра, каб хоць распавесці пра сюжэты гульняў. А там жа што ні тэма, то можна гадзінамі распавядаць. І людзям цікава, людзі кажуць — ляпі яшчэ! Таму, калі хто хоча — распачынайце рабіць відэа, людзі чакаюць на вашыя праходжанні, стрымы, агляды і навіны са свету відэагульняў.

Ведаеце пра новыя і пакуль малавядомыя крутыя пляцоўкі з беларускамоўным кантэнтам? Распавядзіце нам на [email protected].

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі