Вы тут

"Транснафта" гатовая кампенсаваць шкоду за забруджаны трубаправод "Дружба"

pixabay.com

Расійская кампанія "Транснафта", аператар нафтаправода "Дружба", гатовая кампенсаваць шкоду, прычыненую забруджанай сыравінай у нафтаправодзе "Дружба". Пра гэта перадае ТАСС са словаў расійскага віцэ-прэм'ера Дзмітрыя Козака, які курыруе ва ўрадзе пытанні паліўна-энергетычнага комплексу.

"Транснафта" займае вельмі канструктыўную пазіцыю і, зразумела, гатовая рэальную шкоду, якая нанесеная і нашым нафтавым кампаніям, кампенсаваць", — заявіў чыноўнік.

Праблемы з пастаўкамі няякаснай нафты з высокім утрыманнем хлорарганічных злучэнняў пачаліся ў красавіку. Ад кепскай сыравіны, як паведамлялася, на Мазырскім НПЗ сапсавалася дарагое абсталяванне, а абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы сталі працаваць не на поўную загружанасць. Ад паставак няякаснай расійскай нафты адмовіліся Польшча, Германія, Украіна. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь панесла страты на сотні мільёнаў долараў. Паводле ацэнак расійскіх СМІ, наша краіна можа выставіць для кампенсацыі рахунак да 435 мільёнаў долараў. 

Тым часам міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак 15 траўня заявіў журналістам, што поўная ацэнка шкоды ад забруджанай нафты можа заняць да месяца. Паводле яго асабістай ацэнкі, агульная шкода можа скласці не больш за 100 мільёнаў долараў.