Дональд Трамп: "Рыхтуйся, Расія"

Дональд Трамп: "Рыхтуйся, Расія"

Дональд Трамп прапанаваў Расіі рыхтавацца да таго, што ЗША запусцяць ракеты па Сірыі. Такім чынам ён адказаў на словы амбасадара Расіі ў Ліване Аляксандра Засыпкіна пра гатоўнасць збіваць амерыканскія ракеты над Сірыяй. 

У сваім акаўнце ў Твітары амерыканскі прэзідэнт напісаў літаральна наступнае: "Расія абяцае збіваць любыя ракеты, якія будуць запушчаныя па Сірыі. Рыхтуйся, Расія, таму што яны прыляцяць прыгожыя, новыя і разумныя".

Па словах Трампа, Расіі не трэба было падтрымліваць "жывёлу, якая забівае з дапамогай хімічнай зброі і атрымлівае асалоду ад гэтага". Раней Трамп ужо называў прэзідэнта Сірыі Башара Асада "жывёлай". 

Нагодай для ўдару стала хімічная атака на сірыйскі горад Дума, якая адбылася 7 красавіка. Яе ахвярамі сталі 49 чалавек. Паводле сірыйскіх медыкаў і праваабаронцаў, удар быў нанесены сірыйскімі ўрадавымі войскамі. 

Паводле інфармацыі РБК, Трампа могуць падтрымаць саюзнікі — Вялікабрытанія і Францыя. Праўда, французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон удакладніў, што заходнія краіны не збіраюцца атакаваць саюзнікаў Сірыі, а нанясуць удар па аб'ектах, якія маюць дачыненне да хімічнай праграмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі