Траціна Беларусі ахопленая эпідэміяй грыпа

Эпідэміяй вірусных інфекцый і грыпу ахоплены дзевяць з 18 кантрольных гарадоў і 29 з 129 раёнаў Беларусі. Паводле Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, эпідэмія абвешчана ў Бабруйску, Мінску, Барысаве, Салігорску, Наваполацку, Баранавічах, Магілёве, Віцебску і Оршы.
Нагадаем, у пачатку тыдня эпідэміяй былі таксама ахопленыя дзевяць кантрольных гарадоў і 31 раён Беларусі. На сённяшні дзень у сувязі з высокім захворваннем прыпынены вучэбны працэс у 23 школах краіны. Найбольшая колькасць школ (16) зачынена на каранцін у Віцебскім раёне. Усяго з 23 студзеня, пачатку эпідэмічнага ўздыму захворвання на грып і вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ), прыпыняўся вучэбны працэс у 383 школах.

Як раней паведамляў БелаПАН, эпідэмія вірусных інфекцый і грыпу ўжо завяршылася ў Гродне, Пінску, Лідзе, Гомелі, Брэсце, Мазыры, Рэчыцы і 19 раёнах краіны. Усяго за перыяд эпідэміялагічнага назірання з 6 кастрычніка 2008 года ў кантрольных гарадах захварэла на грып і ВРВІ больш за 1,2 млн. чалавек, што амаль на 3% вышэй, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі