“Той самы фестываль”. Адкрыццё і танец, прысвечаны ветэранам Свабоды

Уваход у Тэатр беларускай драматургіі быў заблакаваны прамысловымі кардоннымі скрынкамі ад ёгуртаў. На ганку сядзеў рабочы, еў булачку, запіваў яе сокам і пазіраваў фатографам, якія разам з журналістамі прыйшлі на адкрыццё “Таго самага фестывалю”. А потым скрынкавую сцяну разбурылі двое акулярыкаў, яны пасыпалі сябе серпанцінам і адкрылі “той самы” міжнародны фэст эксперыментальных тэатраў.

Скрынкі былі часткай інсталяцыі, якая суправаджалася ансамблем джамбістаў і ідэямі харэографа Вольгі Костэль. У паўзмроку можна было пачаставацца тортам і цукеркамі, стаць удзельнікам інсталяцыі, адчуць сябе часткай мастацтва і зрабіць шмат адкрыццяў.

Дзяўчаты-рэжысёры драмы: “Мы хочам убачыць шмат новага, чаго яшчэ не бачылі, узбагаціць свой досвед, хочам даведацца, што творыцца ў іншых краінах, што цікавага яны нам прывезлі. На жаль, нашаму грамадству тэатр стаў нецікавым. Паглядзіце, як тут цікава!”.

Маладыя рэжысёры драмы, журналісты, мастацтвазнаўцы, філосафы, тэатральныя крытыкі і проста хворыя на тэатр людзі – усе прыйшлі “аздаравіцца”.

Журналісткі: “Я думаю, што прысутнае грамадства наадварот здаровае ў вышэйшай меры, яно хоча развівацца, пазнаць нешта новае. Хворая тая грамадскасць, якая ігнаруе падобныя мерапрыемствы, лічачы, што яны ніжэй за плінтус, за іх развіццё. Насамрэч усё наадварот”.

Адкрыўся “Той самы фестываль” спектаклем “Фантом Фрыдам”(“Зманлівая свабода”) нямецкага пластычнага тэатра Карэла Ванэка. Пастаноўка ўздымае дастаткова папулярную тэму ў заходнім грамадстве – тэму Свабоды ад савецкага мінулага.

…Літвінаў. Маленькі гарадок у паўночнай Чэхіі. Восень, 1957 год. Людзі вераць тут у камуністычную мару. Я кажу пра дарослых. Мая мама як раз цяжарная. Нам прапануюць новую Свабоду. Літаральна зараз можна пакінуць зямлю і заваёўваць новыя прасторы. Якая свабода? What a promise of Freedom?

Праз плацэнту я чую як брэша адважная Лайка. Зараз яна – першая жывая істота на нашай зямлі – выпраўляецца ў іншыя сферы. Я не магу дакладна сказаць, як гэта паўплывала на маё асабістае развіццё, але калі праз некалькі гадоў Юрый Гагарын спыніць тое самае і не падсмажыцца, як Лайка, ён стане маім героем. А Юрый – і так мой брат, мой вялікі савецкі брат. Мой першы танец я прысвячаю абодвум савецкім ветэранам Свабоды. Я вітаю сваіх герояў – Лайку і Юрыя”.

 

А потым танкі. Гагарын – ужо не брат. Байкот савецкага гімну на Алімпійскіх гульнях у Мехіка. Дазвол выехаць на Захад з тэатральнай трупай. Фільм з Жюльет Бінош. Чарнобыль выпускае з-пад кантролю атамную энергію.

Эмацыйнай кульмінацыяй спектакля з’яўляецца сустрэча героя-эмігранта на беразе Рэйна з вулічным музыкам з Чэхіі, які грае “Влтаву”. Гэты востраў чалавечнасці ў палітызаванай дзеі адзначае і доктар філасофскіх навук, тэатральны крытык Вадзім Салееў.

Вадзім Салееў: “Гэта адзін з цікавых варыянтаў вырашэння пры дапамозе пластыкі сучасных, палітычных хутчэй, праблем. Бо там усё зроблена на палітычнай канве. Таму, дарэчы, найбольш кранае тое, што застаецца ў невялікім астатку чалавечнае: калі чэшскі эмігрант знаходзіцца ля Бона і ўспамінае пра Влтаву – вось гэта сапраўды кранае сэрца, калі мы ўвайшлі ўжо ў структуру гэтага паўмастацкага тэксту”.

Герой спектакля сумуе па Радзіме, аднак застаецца ў эміграцыі, спяваючы блюз, які мусіць заглушыць родную Влтаву у сэрцы. На думку Вадзіма Салеева, у Беларусі мог бы ўзнікнуць падобны спектакль, аднак беларусу бліжэйшыя “душэўная” дзейнасць.

Вадзім Салееў: “У прынцыпе мог бы. Але я думаю, што за рэдкім выключэннем, калі адмыслова не рабіць, як, напрыклад, у тэатры Халезіна, то нам гэта не цікава ў прынцыпе. Таму што нам больш цікавы менавіта стан душы чалавека, чым палітычныя пературбацыі. Я ў агульным плане кажу. Калі б гэта зроблена было нават палітычна, у сэнсе арганічна мастацкі, то гэта нас бы, вядома, парадавала. У нас жа ёсць падобныя тэатры. У нас ёсць тэатр на узровень вышэй – тэатр Іназемцава – пластычны тэатр, у чыстай пластыцы”.

Спектакль “Фантом Фрыдам” дэманструе дастаткова складаную лексіку, якая спалучае сучасны танец з цыркавымі прыёмамі, вербальнымі складнікамі і элементамі body-drum. Аднак, лічыць Вадзім Салееў, не заўсёды танец перадае сэнс аповеду, які расказвае дыктар-танцор са сцэны.

Вадзім Салееў: “Самая вялікая прэтэнзія ў мяне як у тэатральнага крытыка, што тут пластыка зачастую бывае абстрактнай, зусім не звязанай са структурай расказанага тэксту. Вось гэта сумна. Бо гэта сапраўды аддаляе ад магчымасцей тэатра. А так само па сабе цікава”.

...

“Мінск. Сёння. Я набыў сабе новы айфон. Калі я прыйду дадому, я змагу кантактаваць праз Твітэр з усім светам. Прывітанне. Я дома. Я іду ў душ. А дзе вы? Я магу заўсёды і паўсюль атрымаць любую інфармацыю, і кожнаму заўсёды і паўсюль усё сказаць. І кожны можа заўсёды і паўсюль усё пра мяне даведацца: мае банкаўскія дадзеныя, мае сэксуальныя схільнасці, мой любімы гель для душа. Я чую ўжо, як мой айфон кажа: “Хэй, хто тут каго пераможа? Я прысвячаю свой апошні танец нашай моладзі. Ну, і нам усім. Таму што мы хутка крочым насустрач татальнай Свабодзе. Мы свабодныя. Тады хэпі бёздэй!”

І песня Брытні Спірс напрыканцы – як сімвал свабоды…

Разбураем стэрэатыпы!

Праграма "Таго самага фэста" тут.

Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі