The Toobes: "Музыка - прыярытэт маладых!"

Малады і даволі амбіцыйны гурт з Мінску “The Toobes” святкуе ў жніўні свой Дзень народзінаў. Напярэдадні свята ўдзельнікі гурта Стась Ламакін і Стась Мурашка растлумачылі Еўрарадыё, што такое revival-рок-н-рол, выказалі падзяку гурту “Петля Пристрастия” і паспрачаліся наконт патрэбнасці прафесіяналізму музыкам. Стась Ламакін(С.Л.): Напэўна, трэба спачатку пазнаёміцца....

ЕРБ: Два Стасі сёння ў нашым эфіры. Адзін, Ламакін, грае на бубнах і спявае, а другі - Мурашка, з'яўляецца бас-гітарыстам. І яшчэ ёсць адзін удзельнік гурта – Косця Пыжоў, толькі сёння ён адсутнічае...

С.Л.: Не атрымалася ў чалавека прыйсці...

ЕРБ: Абсалютна малады гурт...

С.Л.: (перабівае) Ну не абсалютна. Нам ужо год! Мы граем з мінулага жніўня. Хутка адзначым Дзень народзінаў. Амаль запісалі альбом! Во!

ЕРБ: Ой! А якім чынам збіраецеся Дзень народзінаў адзначаць?

С.Л.: Хочам сабраць натоўп сяброў, зрабіць прэзентацыю альбома. Такім чынам і адзначым!

ЕРБ: Альбом калі выйдзе?

Стась Мурашка(С.М.): Спадзяемся, у верасні.

ЕРБ: Гэта будзе поўнафарматная дэбютная плыта?

С.Л.: Так. Альбом будзе складацца з 12-ці песень. Толькі зараз думаем наконт таго, якім чынам будзем яго выдаваць. Ці то падпішам кантракт з нейкім гуказапісвальным лэйблам, ці то звернемся да пірацкага спосабу...

ЕРБ: Назву дыску ўжо прыдумалі?

С.Л.: Пакуль не. Вокладка да плыты ўжо існуе. Яна нават фігуруе ў афішах нашых канцэртаў.




ЕРБ:
Зараз збольшага моладзь захапляецца нейкімі сучаснымі музычнымі кірункамі, напрыклад, электроннай музыкай у розных яе праявах. Вы ж граеце такі нармальны рок-н-рол. Дзе шукаць карані вашай любові да рок-н-ролу?

С.М: Насамрэч мы не ведаем, што мы граем. Гэта тая музыка, якая нам падабаецца. Як яе можна акрэсліць – асабістая справа тых, хто яе слухае.

С.Л.: Мы выхоўваліся на рок-н-роле. І паўплывалі на гэта, перш за ўсё, бацькі. Дома былі кружэлкі Beatles, я, напрыклад, слухаў іх, пачынаючы з саплівага ўзросту.

С.М: Дарэчы, у гурце 3 асобы і тры розных музычных прыхільнасці...

ЕРБ: Напрыклад?

С.М: Стасю падабаецца Nirvana...

С.Л.: Увогуле мне падабаецца розная музыка. Спачатку была Nirvana. Потым нешта яшчэ і яшчэ... У выніку прыйшоў да рок-н-рола... Косця наш фанат Джымі Хендрыкса, Роберта Планта і “цэпелінаў”... Мы ж граем гітарную музыку! У нас гітара ў прыярытэце. Косця выхоўваўся менавіта на рок-н-роле!

С.М.: Мне ж бліжэй за ўсё фанк. І гэтая прыхільнасць добра праслухоўваецца ў маіх партыях...

С.Л.: Агулам можна адзначыць 3 стылі, якія блізкія нам: гранж, фанк і рок-н-рол...

ЕРБ: Зараз вельмі модна да назвы дадаваць музычны кірунак, які, на думку таго ці іншага гурта, адпавядае яго гучанню...

С.Л.: Увогуле, мы гэта не абмяркоўвалі. Аднак на афішах падпісваюць нас як revival-рок-н-рол...

С.М.: Гэтае спалучэнне прыдумаў Косця.

С.Л.: У перакладзе такое спалучэнне гучыць як адраджэнне рок-н-рола.

С.М.: Так, рок-н-рол існаваў, потым памёр, а зараз ізноў прыйшоў. Нашая музыка – свайго роду рэінкарнацыя рок-н-ролу ў Беларусі...




ЕРБ:
У гурта “The Toobes” ёсць адна фішка – бубнач-вакаліст. Мне здаецца, што вельмі складана адначасова трымаць рытм і спяваць песні... Стась, ты прайшоў нейкую спецыяльную музычную падрыхтоўку?

С.Л.: Нідзе я гэтаму не вучыўся. Здарылася ўсё выпадкова. Калі толькі пачынаўся гурт, мы яшчэ не ведалі, хто будзе вакалістам. Я сядзеў за бубнамі і крычаў нешта ў мікрафон. У выніку атрымалася, пачаў старацца, цягнуцца да нейкай планкі і ў плане бубнаў, і ў плане вакалу. На маю думку, мы развіваемся, і ўвогуле рэпетыруем 5 разоў на тыдзень!

ЕРБ: А прыватныя ўрокі часам не бярэце?

С.Л.: Збіраліся, толькі рукі так і не дайшлі!

С.М.: Апроч Косці.

С.Л.: Так, Косця ў нас увогуле скончыў музычную школу па класу фартэпіяна. Ды даўно мы ўжо граем. Стась 4 гады асвойвае ігру на бас-гітары. Я з 8-га класа школы граў на гітары, спрабаваў спяваць. У мяне нават гурт “Фліперс” быў!

ЕРБ: Зараз, здаецца, вы даволі часта іграеце на мінскіх пляцоўках. У “Графіці” вас можна было бачыць...

С.М.: Мы ігралі там на самым пачатку нашай дзейнасці, 2 ці 3 разы, калі ў нас яшчэ не было столькі слухачоў і рэпертуар быў не вялікім...

С.Л.: У “Графіці” трэба толькі з невялікай праграмай выступаць. Я маю на ўвазе “The Toobes”. Увогуле як пляцоўка гэта жахлівае месца!

ЕРБ: Як! Здаецца, “Графы” не толькі культавае, але і ўлюбёнае месца мінскіх музыкаў і прасунутай публікі!

С.Л.: Прынамсі не для нас! Нашыя прыхільнікі не любяць нас слухаць у “Графах”. Ім хочацца рухацца пад нашу музыку... Камплімент зрабілі самі сабе(смяецца)!

ЕРБ: Якія ж мінскія пляцоўкі вам пасуюць?

С.Л.: “Гудвін”, напрыклад, “Фабрык”... Паўсюль добрыя памяшканні, прыемная арганізацыя, адэкватная “цёплая” публіка...

ЕРБ: Я так разумею, вы ўжо займелі пэўную колькасць слухачоў. Можа, і фан-клубам абзавяліся?

С.М.: Можа і ёсць фан-клуб! Сетка “ В контакте” вельмі дапамагае ў плане стасункаў з прыхільнікамі...




ЕРБ:
Прабачце за банальнае пытанне, аднак што азначае вашая назва?

С.Л.: Мабыць, нічога... Гэта проста добрае вінтажнае лямпавае гучанне.

С.М.: Першапачаткова мы называліся “The Tubs”. Аднак гуртоў з такой назвай у 60-я гады было вельмі шмат. У выніку мы дадалі дзве літаркі “о” і пакінулі агульнае гучанне слова...

ЕРБ: Вашая адданасць англійскай мове – гэта даніна рок-н-ролу ці модзе?

С.Л.: Як вакаліст скажу шчыра: я не чую рок-н-ролу на беларускай ці рускай мове!

С.М.: Я чуў па радыё беларускамоўны рок-н-рол, і гэта было жахліва. Нешта псуе музыку.

С.Л.: Усё-такі рок-н-рол – гэта англамоўная музыка. У нас, здаецца, вельмі арганічна спалучаюцца музыка і тэксты, хоць яны і прымітыўныя. Аднак, па ўсім гледзячы, лёгка запамінаюцца, наматываюцца на мозг і круцяцца ў галаве...

ЕРБ: Вы думалі наконт музычнай канцэпцыі гурта “The Toobes”?

С.Л.: Гэта толькі трэцяе інтэрв'ю, якое мы даем з моманту ўзнікнення нашага гурта. Пытанняў было няшмат. Падрыхтавацца да іх не паспелі.

С.М.: Ды і не будзем гэтага рабіць... Будзем адказваць, як яно ёсць!

С.Л.: Канцэпцыі няма. Проста рок-н-рол. Жывая музыка. Мы любім граць канцэрты. І запіс альбому станецца больш рэкламай, прома, чым прадуктам. Мы не будзем прадаваць гурт, мы будзем яго прасоўваць. Тым больш што сітуацыя з продажам дыскаў у Беларусі не самая лепшая. Я, да прыкладу, плыты не набываю. І музыканты скардзяцца, што продаж альбомаў грошай не прыносіць. Як гэта адбываецца ў іншых краінах, я не ведаю.

ЕРБ: Прыносяць!

С.Л.: Прыносяць? Выдатна! Тады мы будзем арыентавацца на Захад.

ЕРБ: Шмат хто з гуртоў марыць паехаць на фэст “Global Battle Of The Bands”...

С.М: Мы не марым. Мы доўгі час абмяркоўвалі гэтае пытанне, недзе напрацягу некалькіх дзён(смяюцца) і вырашылі, што не будзем туды сувацца.

С.Л.: Па-першае, гэта конкурс, а музыка – гэта не спорт. Тут не трэба за чымсьці гнацца. Калі прыйдзе поспех, ён прыйдзе сам, без усялякіх конкурсаў. А па-другое, каб у ім удзельнічаць – трэба заплаціць грошы! Музыкі робяць шоў і плацяць за яго! Непрыемна ўсё гэта. Толькі ў нашай краіне можа быць нешта падобнае. Я не скарджуся, не. Мы адмовіліся ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве з-за гэтых двух фактаў.

С.М.: А яшчэ, мне здаецца, там не вельмі аб'ектыўна ставяцца адзнакі гуртам. У мінулым годзе не зразумела што выйшла ў фінал. Добра, што перамог “Гурзуф”.

ЕРБ: Вы іграеце рок-н-рол, прагнеце жывога гуку. Ці збіраецеся нейкім чынам камерцыйна падыйсці да сваёй творчасці?

С.Л.: Мы зарабляем грошы на запіс уласнымі канцэртамі. І гэта пакуль нам пасуе. Калі ж раптам нешта выгарыць – мы не будзем ад гэтага адмаўляцца.

С.М.: А чаму не?! Дзеля далейшага развіцця нашага гурта грошы неабходныя...

С.Л.: Ёсць дырэктары гуртоў, прадзюсары, якія дыктуюць свае ўмовы. Я граў на бубнах у адной камандзе (не буду называць імя), якая з цягам часу знайшла сабе дырэктара і апапсела!.. Вельмі цяжка маладому амбіцыйнаму гурту падпарадкоўвацца нейкім сумнеўным умовам. Пакуль мы трымаемся адзін аднога і спрабуем не ставіць сабе рамак. Заўсёды павінна быць свабода выбара!




ЕРБ:
Кажуць, да вашага з'яўлення мае дачыненне гурт “Петля пристрастия”...

С.Л.: Мы ўвесь час выступаем з імі на адных пляцоўках. Дарэчы, менавіта яны нас выцягнулі на вялікую сцэну, за што мы ім бясконца ўдзячныя!

ЕРБ: А як гэта адбылося?

С.Л.: Мы толькі-толькі пачыналі рэпетыраваць на студыі Milki, і гітарыст “Петли” пачуў нас, пачаў рваць на сабе валасы і запрасіў выступаць разам. У нас тады не было яшчэ рэпертуару. Мы зрабілі некалькі кавераў...

С.М.: Не, не так усё было! Мы зрабілі запіс рэпетыцыі, аддалі яго гітарысту, пасля чаго яны згадзіліся выступіць з намі ў “Графіці”!

С.Л.: Так, мы падагравалі гурт “Петля пристрастия” і так атрымалася, што разам далі мы канцэртаў 10!

С.М.: Не, тры-чатыры, Стась!

С.Л.: Кінь! Як мінімум пяць дакладна! Увогуле, колькі канцэртаў за год мы адыгралі?

С.М.: Пятнаццаць-дваццаць!

С.Л.: Нават скардзяцца на нас некаторыя: нібыта мы паднадакучылі. Не заўсёды паспяваем зрабіць нешта новае. Зараз як раз пауза, неканцэртны сезон, мы працуем над новымі кампазіцыямі і пішам альбом... нават паспелі нядаўна канцэрт адыграць, прыйшло, праўда, 20 чалавек, але было добра.

ЕРБ: Дзве вашыя песні патрапілі ў складанку “Белорусское сообщество независимых музыкантов”. Вы лічыце сябе незалежнымі?

С.Л.: Пакуль так!

ЕРБ: Пакуль? Вы прагнеце ад чагосьці залежыць?

С.М.: Ніхто не хоча ні ад чаго залежыць. Аднак чамусьці ўзнікае гэтая залежнасць.

С.Л.: Я маю на ўвазе, што пакуль мы ўвайшлі ў плыню незалежных музыкаў.

С.М.: Потым нашыя песні з'явяцца на складанцы залежных музыкаў...

С.Л.: Мы даўно знаёмыя з Папай Бо і Мікалаем Сапуновым. Хлопцы нас слухалі і запрасілі. Мы не адмовіліся. Плыта, лічу, - добрая магчымасць заявіць пра сябе. Апроч нас, на складанцы прадстаўленыя песні яшчэ 6-ці гуртоў.




ЕРБ:
А каго з гэтых незалежных гуртоў вы адзначылі б?

С.М.: Безумоўна, “Петлю”...

С.Л.: А мне “Серебряная свадьба”. “Кассиопея” - цікавая штука! Вонкавы выгляд у іх прыкольны! Прэзентацыя плыты, дарэчы, сабрала 1000 чалавек! Уся імпрэза адбывалася ў клубе Фабрык, на ўсіх трох паверхах грымела шоў. Мне вельмі спадабалася... А, яшчэ “Portmone”прыемныя чувакі, граюць музыку для кіно. Пад іх музыку добра засынаць. “Аддис Абеба» паднадакучылі... Хочацца нечага новага ад іх пачуць...

ЕРБ: Як вы ставіцеся да сучаснай беларускай сцэны?

С.М.: Я не часта наведваю канцэрты. Але шмат чытаю ў Інтэрнэце, мне прыносяць часам нейкія запісы. Ёсць добрыя гурты з добрай музыкай, але ў асноўным мне гэта не падабаецца. На кропцы, дзе мы рэпетыруем, чуем шмат калег, але ўсе яны граюць папулярную музыку па тыпу мэйнстрыму.

С.Л.: Мне падаецца, што на Захадзе зараз як раз ідзе хваля вінтажу. Вядомыя гурты пачынаюць граць рок-н-рол, revival...

С.М.: Зараз вяртаецца ўсё старое.

С.Л.: Так, ёсць жа такое! Зямля круглая!

ЕРБ: Атрымоўваецца, гурт “The Toobes” - першыя ластаўкі ў адраджэнні рок-н-рола ў Беларусі...

С.М.: Атрымоўваецца, што так. Ёсць некалькі гуртоў, “Нотр-Дам дэ Флёрз”, напрыклад.

С.Л.: Так, яны крутыя чувакі, аднак вельмі андэграўдныя. Ім не патрэбна публіка. Ім патрэбны гараж. На сваёй хвалі, карацей... А ўвогуле зараджаецца ў Беларусі нешта новае!

С.М.: Прыемна адчуваць сябе ў ліку першых!

С.Л.: Ох, так!(смяюцца)

ЕРБ: Гурты, тым больш, маладыя, заўсёды ставяць перад сабою нейкія мэты...

С.Л.: Іх ажыццяўленне ўжо набліжаецца!

ЕРБ: А праз 10 гадоў вы ўяўляеце свой гурт на сцэне?

С.Л.: Я буду ўжо старым! Насамрэч, не хочацца паўтараць памылкі Nazareth, Deep Purple, вяртацца на сцэну, калі шмат зморшчын, ад якіх не відаць твару. Гэтага дакладна не будзе! Я ў гэтым ўпэўнены! Я як старэйшы таварыш у гурце маю права быць супраць, каб старыя лезлі на сцэну і заміналі шлях моладзі. Музыка, на мой погляд, павінна быць прыярытэтам моладзі.

С.М.: Заўсёды ж адчуваецца, хто можа даць энергіі на сцэне, а хто не.

С.Л.: Да прыкладу, тыя ж “ролінгі”. Энергія з іх так і прэ, аднак глядзець на іх не надта прыемна.

С.М.: Чаму? Мне падабаецца!

С.Л.: Я люблю гэты гурт. Аднак на іх месцы, я б лепш унукаў даглядаў...



ЕРБ: Якімі якасцямі павінен валодаць малады гурт?

С.М.: У нас заўсёды спрэчкі на гэты конт. Я лічу, што музыкі павінны ўмець іграць, то бок падымаць узровень свайго прафесіяналізму. А ў нашай краіне існуе праблема з адсутнасцю прафесіяналізму.

С.Л.: Не ведаю. Я вось супраць прафесіяналізму!

С.М.: Я маю на ўвазе прафесіяналізм не ў сэнсе таго, што трэба скончыць музычную школу ці акадэмію альбо хутка і тэхнічна іграць. Не. Прафесіяналізм у сэнсе пачуцця музыкі!

С.Л.: Трэба граць, як адчуваеш! Музыка, на мой погляд, павінен валодаць пачуццём гумару, выхоўваць добры музычны густ...

С.М.: Быць прафесіяналам!

С.Л.:
Ну, можа быць і так!


Фота
з уласнага архіва гурта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі