Тэрыторыя вакол МТЗ застаўленая непрададзенымі трактарамі

МТЗ абрастае трактарамі, цэхі маторнага завода заваленыя таварам, а завод "Луч" ніяк не можа распрадаць старыя гадзіннікі. Пачатак года адзначыўся дэвальвацыяй і ажыятажным попытам на бытавую тэхніку, мэблю і нават прадукты харчавання. Прадпрыемствы вызвалілі склады. Аднак крызіс прывёў да таго, што склады зноў пачалі папаўняцца. Як выйсці з гэтай сітуацыі? Знізіць кошты? Не, айчынныя вытворцы знайшлі іншы метад. Яны пераходзяць на няпоўны працоўны дзень, альбо адпраўляюць супрацоўнікаў у адпачынак. Менш працуюць менш вырабляюць. Менш вырабляюць – менш тавару залёжваецца на складах.

Ужо месяц, як Брэсцкі завод бытавой хіміі працуе 4 дні. А дазваніўшыся да аддзела кадраў, Еўрарадыё даведалася, што цяпер усе супрацоўнікі завода пайшлі ў чарговы планавы адпачынак. Паводле слоў супрацоўніцы аддзела кадраў Кацярыны Белькаўцовай, прадпрыемства так змагаецца з перавытворчасцю.

Кацярына Белькаўцова: “Каб не затарваць склады была такая прычына. Мы пайшлі ў сувязі з недапушчэннем павелічэння астаткаў гатовай прадукцыі і замарожвання абаротных сродкаў гатовай прадукцыі. А з 2 сакавіка ўсе пайшлі ў чарговы аплачваны адпачынак”.

Мінскі трактарны завод не скарачае працоўны тыдзень, аднак заахвочвае супрацоўнікаў ісці ў адпачынак. Але тэрыторыя вакол заводу ўсё больш і больш абрастае не распрададзенымі трактарамі, расказаў Еўрарадыё наладчык станкоў на заводзе Віталь:

“Завод агромністы. І я, калі еду на працу, аб’язджаю яго амаль па перыметры. І я бачу, што там стаяць ужо даволі даўно, дзе толькі можна прыткнуць, досыць шмат трактароў. Што тычыцца змяншэння збыту, дык ён дакладна ёсць”.

Прычым мінулыя гады ў сакавіку попыт на трактары пачынаў павышацца. Віталь сумняецца, што знізіць цэны на прадукцыю, каб распрадаць яе, магчыма. Прынамсі таму, што не зніжаюцца кошты на метал ды энерганосьбіты.

Акрамя таго, Віталь неаднаразова чуў ад супрацоўнікаў Мінскага маторнага завода, што тым даводзіцца пераступаць праз маторы ў сваім цэху, бо іх прадукцыя нікому не патрэбная.

Дазваніўшыся да заводу “Луч”, мы даведаліся, што новыя гадзіннікі распрадаюцца. Аднак старыя ўсё яшчэ ляжаць на складах, расказаў Еўрарадыё намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Мікалай Гаеўскі:

“На складах у нас старыя запасы, якія з былых часоў засталіся, ёсць. А зараз мы тое, што вырабляем, тое і прадаваць стараемся”.

Мікалай Гаеўскі кажа, што прапановы знізіць цэны на старую прадукцыю былі нават ад Ураду. Аднак на заводзе не хочуць ламаць толькі што наладжаны рынак.

Мікалай Гаеўскі: “Прапановы ёсць, ёсць прапановы Ўраду. Але мы пакуль яшчэ не прымянялі гэтага. Мы пакуль толькі наладзілі эканоміку. Здаецца, у нас купляюць тое, што мы вырабляем. Таму не хочам ламаць рынак, які ўжо наладзілі”.

Паводле слоў эканамічнага аглядальніка “Белгазеты” Сяргея Жбанава, знізіць цэны, як гэта робіць, да прыкладу, суседняя Польшча, не так проста. У Польшчы, у адрозненні ад Беларусі, дэвальвацыя дасягнула 50%. Да таго ж спадар Жбанаў прытрымліваецца думкі, што цэны мусіць рэгуляваць рынак, а не нашыя жаданні.

Сяргей Жбанаў: “Зразумела, што мы ўсе зацікаўленыя ў нізкіх цэнах. Аднак зразумела і тое, што ўсе мы хочам быць здаровымі і багатымі. Рэч у тым, што калі кожны з нас прапаведуе пэўныя эканамічныя прынцыпы, то іх трэба выкарыстоўваць, а не мяняць правілы гульні ў залежнасці ад нашага настрою. Я лічу, што і ўлада павінна так паступаць. Калі мы кажам, што мы прытрымліваемся рынкавых правілаў, то няхай рынак гэта ўсё і рэгулюе”.

А вось згодна са словамі начальніка Аддзела ідэалогіі завода “Гарызонт” Уладзіміра Казакевіча, прадукцыю прадпрыемства так добра раскупілі ў студзені, што і зараз, калі продажы скараціліся, склады ўсё яшчэ не запаўняюцца.

Уладзімір Казакевіч: “Студзень нас падтрымаў. Тады ж увогуле ў пачатку студзеня хапун такі быў. Мы там за 2 тыдні зрабілі ледзь не месячную-паўтарамесячную норму. А зараз, канечне, крыху спаў попыт. Аднак, улічваючы тое, у нас усё ідзе планава”.

Магчыма, гэта толькі справа часу каб склады “Гарызонту” зноў запоўніліся таварам. Але, паводле слоў Уладзіміра Казакевіча, прадукцыя заводу сёння карыстаецца вялікім попытам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі