Тэатр “Крылы халопа” прадставіў у Брэсце дакументальны спектакль “Чарнобыль”

Тэатр “Крылы халопа” прадставіў у Брэсце дакументальны спектакль “Чарнобыль”

Брэсцкі тэатр “Крылы халопа” прадставіў у родным горадзе дакументальны спектакль “Чарнобыль”. Мясцовая прэзентацыя пастаноўкі адбылася 29 красавіка ў “Прасторы КХ”.

Асновай спектакля "Чарнобыль" сталі матэрыялы дзвюх экспедыцый тэатра ў беларускую частку зоны адсялення і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Акцёры бралі інтэрв'ю ў людзей, якія былі непасрэднымі сведкамі падзей, а таксама збіралі дакументы, звязаныя з наступствамі аварыі. Спектакль пастаўлены ў тэхніцы verbatim з выкарыстаннем тэхналогій мультымедыйнага і інтэрактыўнага тэатра. У кожным паказе сам глядач дадае свае асабістыя гісторыі, паказваючы ўніверсальнасць і глабальны характар тэмы і праблемы.

Пра мэты спектакля Еўрарадыё распавяла Святлана Гайдалёнак, адна з акторак незалежнага театра.

Гайдалёнак: “Мы жывем — радыяцыя побач з намі. Шмат людзей паміраюць ад раку (гэта таксама вельмі вялікі ўплыў мела і на маю сям’ю). Таму для мяне вельмі істотна казаць пра гэта. Праблема існуе. Забываць пра гэта нельга”.

У межах праекта "Чарнобыль" тэатр арганізаваў у Брэсце конкурс дзіцячага малюнка, вынікам якога сталі віртуальная і рэальная выставы. Дзіцячыя працы таксама ўвайшлі ў відэашэраг спектакля. Афіцыйная прэм'ера спектакля адбылася ў Познані (Польшча) у канцы 2013 года на Міжнародным тэатральным фестывалі “Маскі”.

Прэзентацыя “Чарнобыля” ў Брэсце мусіла адбыцца яшчэ два гады таму. Паказ пастаноўкі планаваўся 6 сакавіка 2014 года ў Цэнтры культуры і адпачынку. Аднак падчас генеральнай рэпетыцыі стала вядома, што спектакль адмяняецца ў сувязі з рамонтам, які нібыта павінен пачацца акурат ў дзень прэм'еры. Пры гэтым мерапрыемствы, якія былі запланаваныя ў гэтай установе на 8 сакавіка, не перанесліся.

Да 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС “Крылы халопа” зладзілі гастрольны тур спектакля. Брэстаўчане паспелі выступіць у Мінску, Маскве і Санкт-Пецярбургу. Пасля выступу ў родным горадзе яны плануюць прадставіць спектакль у Калінінградзе.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі