"Таўкачыкі на Юр'я" пройдуць у рок-клубе з карагодам і караваем

23 красавіка ў клубе Re:Public адбудзецца юбілейны, 10 па ліку, фестываль "Таўкачыкі". Вядомы фолк-мадэрн-фэст гэтым разам прыпадае на свята Юр'і, адпаведна, не абыдзецца без традыцыйных юраўскіх карагода і каравая.


"Мы будзем рабіць рэканструкцыю абраду "Юр'я". Ясна, што гэта будзе фрагмент, бо ў клубе не будзе, куды выгнаць па поле жывёлу, — смяецца мастацкі кіраўнік і рэжысёр фэсту, музыка Юры Выдронак. — Але! Бабулькі зробяць каравай у сапраўднай сялянскай хаце і прывязуць яго да нас з Любанскага раёна яшчэ гарачым. Каравай — абавязковы элемент юраўскага карагода. А карагод мы зладзім прама ў клубе разам з гледачамі".


Да таго ж, "Таўкачыкі на Юр'я" пазіцыянуюцца гэтым разам як фолк-бамонд-фэст. У ім возьмуць удзел 12 гуртоў і выканаўцаў, сярод якіх вядомыя ў прадстаўнікі беларускага фолк-мадэрну: "Дзівасіл", "Бан-Жвірба", "Ветах", "Альтанка", "Грамніцы", Маша Яр і "Хоха бэнд", Наталля Матыліцкая, "Любанскія бабулькі" і іншыя. Хэдлайнерам вечара стане гурт "Юр'я".


Дарэчы, адным з сюрпрызаў фэсту стануць намінацыі, прыдуманыя для кожнага выступоўцы і, адпаведна, сімвалічныя падарункі. Больш падрабязную інфармацыю пра гэта Юры трымае ў сакрэце і кажа, што таямніца адкрыецца непасрэдна падчас фэсту.


Упершыню фэст "Таўкачыкі" адбыўся ў 2000 годзе ў Беларускім тэатры эстрады. За гэты час у ім ўзялі ўдзел практычна ўсе прадстаўнікі беларускай этна-музыкі і замежныя госці.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі