Вы тут

Тактычныя ядзерныя боепрыпасы: чым да суднага дня ўзброіліся Расія і НАТА

У тое, што пачнецца вайна ва Украіне, таксама ніхто не верыў / калаж Еўрарадыё

Пуцін можа ўдарыць ядзернай зброяй па Польшчы. Маўляў, каб Захад спалохаўся, адмовіўся ад удзелу ў ядзернай вайне і перастаў падтрымліваць Украіну.

Пра тое, што ёсць у арсенале ў саперніцкіх бакоў, расказвае мілітары-канал "Информация".

 

Чым можа адказаць НАТА

Вайна з ужываннем стратэгічнай ядзернай зброі пагражае непапраўнай сусветнай катастрофай. Таму калі зброя масавага паражэння і будзе выкарыстоўвацца ў гіпатэтычным канфлікце звышдзяржаў, то, хутчэй за ўсё, гэта будуць тактычныя ядзерныя боепрыпасы.

— Да 2022 года з боку ЗША ёсць блізу 230 тактычных ядзерных боезарадаў і больш за дзве тысячы з боку Расіі, — расказвае ваенны аглядальнік канала "Информация". — Пры гэтым большая частка зарадаў ЗША знаходзіцца ў складзе авіяцыйных бомбаў B61. На базах у Бельгіі, Германіі, Італіі, Нідэрландах і, да нядаўніх часоў, у Турцыі такіх размешчана каля 150 штук.

В61 — гэта звычайная гравітацыйная бомба без так званай standoff capability [без магчымасці знішчыць аб'ект, знаходзячыся па-за зонай паражэння СПА праціўніка. — Еўрарадыё]. Яе трэба скідаць з вышыні 8000+ метраў практычна над самай цэллю, што ва ўмовах сістэмы СПА над, умоўна, Беларуссю ці Калінінградам практычна немагчыма.

Гатовая да пагрузкі ў самалёт бомба В61 / hill.af.mil

Крылатыя ракеты ЗША

Акрамя B61, ядзерныя зарады могуць быць дастаўлены пры дапамозе крылатых ракет тыпу AGM-86B ALCM.

AGM-86B ALCM, амерыканская крылатая ракета класа "паветра — зямля" / defenseimagery.mil

— Гэта даволі добрая крылатая ракета, — працягвае ваенны аглядальнік "Информации". — На ўзбраенне яна была пастаўленая ў пачатку 80-х. Быў і больш сучасны варыянт — AGM-129 ACM, але яго знялі з узбраення ў 2012 годзе [ў сувязі з падпісаннем пагадненняў аб раззбраенні]. Распрацаваны AGM-129 быў таму, што AGM-86B не гарантавала дастаўку зарада да цэлі, паколькі даволі лёгка выяўлялася перспектыўнымі сродкамі ранняга выяўлення СССР і радарамі "Заслон", "Меч", усталяванымі на самалётах МіГ-31 і Су-27.

Не выпадае спадзявацца, што AGM прарвуцца праз сучасную эшаланаваную сістэму СПА [змяшаную групоўку зенітных ракетных сістэм вялікай, сярэдняй і малой далёкасці, якія працуюць у звязцы], ды яшчэ і з А-50 [расійскімі самалётамі далёкага радыёлакацыйнага выяўлення], якія кружаць над Беларуссю. Больш таго, тэрмін прыдатнасці AGM-86B нават пасля праграмы па яго падаўжэнні скончыўся ў 2020 годзе.

Сучасны варыянт крылатай ракеты для дастаўкі ядзерных зарадаў AGM-181 LRSO дагэтуль знаходзіцца на стадыі распрацоўкі і павінен з'явіцца прыкладна адначасова з бамбардзіроўшчыкамі B-21 Raider.

Візуалізацыя цяжкага бамбардзіроўшчыка B-21 Raider, які распрацоўваецца / af.mil

Знішчыць праціўніка няядзернай зброяй

— Згодна з дактрынай, у адказ на ўдар тактычнай ядзернай зброяй па тэрыторыі Польшчы НАТА адкажа абмежаваным ударам, — піша "Информация". — Напрыклад, у адказ на адзін зарад па польскім горадзе Жэшаў удараць двума-трыма зарадамі па Калінінградзе і Беларусі. Эфектыўнасць такога адказу, шчыра кажучы, сумнеўная. Захад даўно пераарыентаваў сваю моц на канвенцыйныя (няядзерныя) сродкі паражэння, якімі яны могуць нанесці гарантавана большы і больш эфектыўны ўдар.

Пуск балістычнай ракеты Trident II у Каліфорніі / Sarya Asar / U.S. Navy

— У апошнія гады была дададзеная магчымасць выбару магутнасці для боегаловак W76, што выкарыстоўваюцца ў ракетах Trident II, якія размяшчаюцца на падводных лодках. Гэта дазваляе панізіць іх магутнасць да пяці кілатон, што таксама ўводзіць іх у катэгорыю тактычных. Але іх запуск напэўна справакуе поўнамаштабны ўдар у адказ, бо да моманту пападання і выбуху невядома, боегалоўка якой магутнасці ўсталяваная на запушчанай ракеце.
 

Расійскія "брудныя бомбы"

Апошнія два дзесяцігоддзі Расія не спяшалася пазбаўляцца ад савецкіх запасаў тактычных ядзерных зарадаў, а таксама распрацоўвала новыя.

— Сярод іх так званыя enhanced radiation warheads — ERW, — расказвае аглядальнік "Информации". — Большая частка энергіі гэтых зарадаў вылучаецца ў выглядзе хуткіх часціц, якія наносяць нашмат менш пашкоджанняў выбуховай хваляй, але знішчаюць жывую сілу і электроніку. У народзе іх называюць нейтроннымі бомбамі. Гэта "брудныя" боепрыпасы суднага дня, якія забруджваюць велізарныя плошчы ізатопамі кобальту-60 і робяць іх непрыдатнымі для жыцця на дзесяцігоддзі. Хоць яны, вядома, адносяцца да стратэгічнай ядзернай зброі.

Мадэрнізаваная самаходная артылерыйская ўстаноўка (САУ) 2С7М "Малка", якая можа страляць боепрыпасамі з ядзернымі зарадамі / РИА Новости

РФ на сённяшні дзень валодае дастатковай колькасцю сродкаў дастаўкі ядзерных зарадаў.

— Гэта і 203-міліметровыя САУ "Малка", якія ўжо актыўна ўжываюцца ва Украіне [ў няядзерным абсталяванні. — Еўрарадыё]. Крылатыя ракеты Х-55, Х-102, "Калібр", "Іскандэр-К", "Цыркон", супрацькарабельныя П-500/700/800/1000, аэрабалістычныя ракеты комплексу "Іскандэр-М". Большасць з іх мае ў сваім складзе сродкі пераадолення супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, — адзначае аглядальнік "Информации".

Расійская стратэгічная авіяцыйная крылатая ракета Х-55 / George Chernilevsky

— Сэнсу наносіць удар [Расіі] па Украіне я не бачу. Хутчэй за ўсё, ён будзе нанесены па Польшчы ці Румыніі. І, асабіста на маю думку, ён хутчэй будзе нанесены, чым не, — дае несуцяшальны прагноз ваенны аглядальнік "Информации".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.