Сёння ў Мінску пачынаецца з'езд навукоўцаў Беларусі

Сёння ў Мінску пачынаецца з'езд навукоўцаў Беларусі

12-13 снежня ў Мінску пройдзе II З'езд навукоўцаў Беларусі. У форуме, як інфармуе БЕЛТА, прымуць удзел 2600 чалавек, у тым ліку замежныя госці. Чакаецца прыезд дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама вядомых навукоўцаў Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.

У першы дзень з'езда дэлегаты і запрошаныя госці будуць працаваць у дзевяці секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. На кожнай з іх сёння будзе працаваць таксама тэматычная выстава.

13 снежня адбудзецца пленарнае пасяджэнне з'езду. Яно будзе дапаўняцца абагульненай міжведамаснай выставай пад лозунгам "Беларусь інтэлектуальная". Выстава будзе складацца з васьмі кластараў, звязаных з прыярытэтамі развіцця краіны: Беларусь як IT-краіна і тэхналогіі штучнага інтэлекту, электратранспарт, электроніка, нанаіндустрыі і адытыўная вытворчасць, касмічныя тэхналогіі, беспілотныя рабатызаваныя тэхналогіі, біятэхналогіі і фармацэўтыка, прамысловыя тэхналогіі і новыя матэрыялы.

На выставе будуць прадстаўленыя беларускі персанальны суперкамп'ютар, электрамабіль, электраровар ды іх кампаненты, беспілотнікі, сонечныя элементы, разумныя ніткі для лёгкай прамысловасці. Наведвальнікі выставы змогуць пазнаёміцца з магчымасцямі 3D-друку з розных матэрыялаў, пабачаць вынікі працы Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандавання Зямлі і спадарожніка сувязі "Белінтэрсат-1" .

На з'ездзе плануецца прыняць стратэгію "Навука і тэхналогіі: 2018-2040". У цяперашні час гэты праект праходзіць грамадскае абмеркаванне. У дакуменце вызначаюцца прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы. Стратэгію распрацавалі навукоўцы НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, працоўных груп і асобных навукоўцаў.

Мяркуецца, што рэалізацыя стратэгіі дазволіць да 2040 года узняць навукаёмістасць ВУП да 3%, долю прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак — да 30% у агульным аб'ёме, долю высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі — да 10%. У агульным аб'ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25% будзе займаць інавацыйная прадукцыя.

Правядзенне з'езду будзе выніковым мерапрыемствам Года навукі.

Дарэчы, першы з'езд навукоўцаў Беларусі адбыўся 10 гадоў таму — у 2007-м.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі