Сёння ў Гродне пасля рэканструкцыі адкрыўся Стары мост

Стары мост збіраліся перабудоўваць 3,5 гады, але справіліся за 9 месяцаў. Цяжка ўявіць, якая сітуацыя склалася б на дарогах, каб мост быў зачынены на ўвесь тэрмін. Горад задыхаўся ад транспарту.
Аднак у многіх гродзенцаў паскораныя тэмпы будаўніцтва выклікаюць недавер. Яны выказваюць сумненні: ці маглі будаўнікі якасна ўмацаваць мост за такі кароткі тэрмін? Інстытут “Гроднаграмадзянпраект” выконваў адразу тры ролі – праекціроўшчыка, замоўцы і выканаўцы.

Дырэктар інстытута Уладзімір Дзяшко на адкрыцці назваў праект вынікам высокай інжынернай думкі. Апошні раз мост аднаўлялі пасля вайны ў 1949 годзе. Аказалася, што тратуары, па якіх людзі хадзілі да пачатку 2008 года, былі небяспечнымі.

У выніку рэканструкцыі мост паднялі амаль на 1,5 м і пашырылі ўдвая. Замест 2 палосаў руху цяпер 4. Каб умацаваць старыя бетонныя апоры, выкарысталі металёвыя канструкцыі. Іх зрабілі ў Расіі з таго ж матэрыялу, што караблі і падводныя лодкі. У будаўніцтве ўдзельнічалі 30 арганізацый. Кошт рэканструкцыі разам з пад’ездамі да моста склаў 40 мільярдаў рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі