Сыходзіць Барыс Луцэнка, мастацкі кіраўнік Рускага тэатра

На яго месца можа прыйсці Мікалай Пінігін, які цяпер працуе ў Вялікім драматычным тэатры ў Санкт-Пецярбургу. Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага (“Рускага тэатра”) Барыс Луцэнка сышоў са сваёй пасады, якую займаў 16 гадоў. Ён застаецца рэжысёрам тэатра і збіраецца займацца цяпер толькі сваёй творчасцю. Новага мастацкага кіраўніка яшчэ не прызначылі. Еўрарадыё даведалася, што адзін з кандыдатаў на гэту пасаду – Мікалай Пінігін.

Сам Барыс Луцэнка кажа, што цяпер для яго найлепшы момант сысці.

Барыс Луцэнка: “Рана ці позна трэба зразумець, што нехта – малады, рашучы, дзёрзкі, як я калісьці – мусіць прыйсці і ўзначаліць тэатр. Як я калісьці, малады рэжысёр, стаў галоўным рэжысёрам. На мой юбілей адгукнуліся ўсе газеты, я нават не чакаў такога, і радыё, і тэлебачанне… Я падумаў, што на гэтым моманце, на гэтым узроўні я мушу стаць проста рэжысёрам. Вы ведаеце, я сёння рэпетаваў і адчуў сябе такім свабодным! Я сыходжу з тэатра тады, калі тэатр “на ўзлёце”.

Хто будзе новым мастацкім кіраўніком Рускага тэатра, пакуль невядома. Але на пытанне Еўрарадыё, ці праўда, што сярод іншых разглядаюць кандыдатуру Пінігіна, Луцэнка адказаў – так. Больш за тое, мэтр кажа, што гэта ён прывёў свайго магчымага пераемніка ў тэатр.

Барыс Луцэнка: “Так. Гэта вельмі таленавіты чалавек. А вы ведаеце, што гэта я яго прывёў у тэатр? І як рэжысёра, і як акцёра. Бо ён скончыў інстытут па класе тэлебачання. Калісьці ў мяне быў знакаміты спектакль “Трагедыя чалавека”, дзе ён граў Адама. Я б быў рады, калі б ён пагадзіўся заняць маё месца. Але, разумееце, ён працуе ў Вялікім драматычным тэатры ў Пецярбургу, не пойдзе ён сюды, мне падаецца. Мы з ім хутка мусім пабачыцца, пагаварыць пра гэта”.

Барыс Іванавіч кажа, што ледзьве не самым складаным для яго на яго пасадзе было тое, што ён мусіў звальняць артыстаў.

Барыс Луцэнка: “Я з задавальненнем перадам “лейцы” маладому, дзёрзкаму, таленавітаму, якім калісьці быў і я. Але я быў вельмі жорсткім, вельмі шмат павыганяў артыстаў. Цяпер я не магу так зрабіць, ведаеце, для мяне каб звольніць артыста, які прапрацаваў усё жыццё ў тэатры… у мяне пазіцыя ўжо чалавека, які пажыў, пабачыў гора… Я думаю: няхай працуе, няхай атрымлівае заробак”.

Тут Еўрарадыё ўзгадала пра Паўла Харланчука, якога звольнілі з тэатра пасля таго, як акцёра затрымалі на Кастрычніцкай плошчы. Тады сабралі мастацкі савет, які зрабіў выснову, што Харланчук, акцёр вышэйшай катэгорыі, не прыдатны да прафесіі. Мы запыталіся ў Барыса Луцэнкі, ці шкадуе ён цяпер, што звольніў Паўла Харланчука.

Барыс Луцэнка: “Вы ведаеце, ён павёў сябе не так, як мне б хацелася, калі ён мой вучань. Ён павёў сябе вельмі нетактычна. Але калі шчыра казаць, я яго да гэтага рыхтаваў. У мяне была з ім дамова, што я яго бяру як рэжысёра, а ён заняўся акцёрствам. Але гэта доўгая размова, і мы яе ўжо прайшлі. Я шкадую заўсёды пра тое, што людзі не могуць дамовіцца адзін з адным. Жывем адзін раз. Нехта мусіць быць больш разумным. Вы нават не ўяўляеце, якая праца была праведзеная з Паўлам. Ён мусіў менавіта займацца рэжысурай і не лезці ў акцёрскую справу. Гэта быў ягоны недахоп. Не лезці… Быў выбар: сарваць спектакль ці сказаць, што быў на плошчы выпадкова, і цябе б адпусцілі. Я б выбраў тэатр”.

Барыс Луцэнка марыць пра свой “Тэатр пад купаламі”, на які пакуль што няма фінансавання. Ён кажа, што гэты тэатр – гэта тое, чым ён сапраўды хоча заняцца, а быць мастацкім кіраўніком яму цяпер складана.

Барыс Луцэнка: “Пазіцыя галоўнага рэжысёра складаная – трэба ўсім дагадзіць, у той жа час трэба кагосьці звольніць… У мяне не хапае ні сіл, ні энергіі на гэта. А мне цяпер хочацца заняцца сваім “Тэатрам пад купаламі”, які я ўжо даўно “запраграмаваў”. Я хачу разам з гледачом зразумець, адкуль мы – з Космасу ці ад малпы, па якіх законах мы мусім жыць. Бо калі мы з Космасу, то мы няправільна жывем, а калі ад малпы, то жывем як у джунглях. Яшчэ ў мяне мара адкрыць рэстаран “Здароўе”, можа, ён і будзе пры тэатры. Цяпер рыхтуецца кніга, якая называецца “Споведзь грэшнага ліцадзея”. Я думаю, што ў пачатку новага года яна выйдзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі