Сяргей Чэрачань сустракаўся з прыхільнікамі ў Віцебску пад расійскім сцягам

Сяргей Чэрачань сустракаўся з прыхільнікамі ў Віцебску пад расійскім сцягам

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Сяргей Чэрачань, які плануе вылучацца на прэзідэнцкія выбары, сустрэўся са сваімі віцебскімі прыхільнікамі. Як перадае радыё "Рацыя", прыезд Чэрачня ў Віцебск шырока не афішаваўся. Сустрэча была арганізаваная ў офісе відавочных прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй. На здымках бачна, што на стале перад Чэрачнем стаіць расійскі дзяржаўны сцяг і ваенна-марскі сцяг СССР.

"У чалавека, які даваў нам свой офіс, на стале стаяў расійскі сцяг, — тлумачыць Еўрарадыё Сяргей Чэрачань. — Я не бачыў абсалютна ніякай нагоды яго прыбіраць, таму што калі чалавек мае прыхільнасць, або сімпатыі, або служыў, або праходзіў "тэрміноўку", або жыў у Расіі і ён лічыць неабходным размяшчаць у сябе на стале расійскі сцяг, гэта абсалютна нармальна. Мы жывём у дэмакратычным грамадстве. І прыхільнікі Еўрасаюза, Злучаных Штатаў, Расіі — гэта абсалютна нармальна.

Мы шматканфесійная і шматпланавая краіна, і гэтыя дэмакратычныя прынцыпы ў нас існуюць, у тым ліку ў маіх паплечнікаў, маіх членаў ініцыятыўнай групы, якія будуць мне дапамагаць. Я — за дэмакратычныя прынцыпы! Ніякага сімвалізму ў гэтым няма".

Палітык дадаў, што сустракаўся з каардынатарамі сваёй выбарчай кампаніі, якія будуць займацца зборам подпісаў. Іх было каля 20 чалавек. Ён распавёў, што ўжо адзнятыя відэаролікі з яго ўдзелам і распрацаваная графічная выява будучай агітацыйнай кампаніі. 

Чэрачань узначаліў БСДГ у 2018 годзе. Да яго партыяй кіраваў экс-старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі