Вы тут

Сям'я з Баранавічаў недаплаціла больш за 120 тысяч рублёў падаткаў

БЕЛТА

У Баранавічах сямейная пара пяць гадоў атрымлівала значныя прыбыткі за мяжой, але не плаціла з іх падаходны падатак, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю.

Муж з жонкай рэгулярна ездзілі ў Латвію. Там яны здымалі здымаць грошы з банкаўскага рахунку падкантрольнай ім кампаніі, зарэгістраванай у Вялікабрытаніі. Паводле звестак КДК, за 2013-2017 гады яны атрымалі больш за 400 тысяч еўра і 140 тысяч долараў. Пры гэтым у падатковай дэкларацыі ні мужчына, ні жанчына гэтыя прыбыткі не ўказвалі.

Дарэчы, у 2015 годзе жанчыну запрашалі ў гарадскую падатковую інспекцыю. Тады ў падаткавікоў была інфармацыя, што выдаткі жанчыны перавышаюць яе афіцыйныя даходы. Аднак яна не паведаміла, што атрымлівае грошы за мяжой.

Падаткавікі налічылі сямейнай пары падаходны падатак на агульную суму больш за 120 тысяч рублёў. На мужа і жонку пачалі крымінальныя справы за ўхіленне ад выплаты падаткаў у буйным і асабліва буйным памерах. 

Паведамляецца, што жыхары Баранавічаў цалкам заплацілі ў бюджэт і падаткі, і пеню, налічаную па выніках праверкі фінансавай міліцыі.