Сямашка: Пуцін пагадзіўся, што расіяне не закрыюць беларускія мясакамбінаты

Сямашка: Пуцін пагадзіўся, што расіяне не закрыюць беларускія мясакамбінаты

Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка распавёў падрабязнасці пра тое, якім чынам будзе вырашацца праблема паставак беларускіх прадуктаў на расійскі рынак. 7 снежня яе абмяркоўвалі ў Сочы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Беларускі бок дамагаўся спынення неабгрунтаваных забарон на пастаўкі айчыннага харчавання ў Расію. Яшчэ тыдзень таму існавалі абмежаванні на пастаўкі прадукцыі 60 беларускіх прадпрыемстваў, якія займаюцца перапрацоўкай малака, каля 40 мясакамбінатаў, больш дзясятка птушкафабрык, а таксама прадпрыемстваў па вытворчасці кармоў і перапрацоўкі рыбы.

Па словах Сямашкі, кіраўнікі краін "знайшлі развязку" і далі даручэнне міністэрствам сельскай гаспадаркі аформіць "кампрамісны варыянт" і прапісаць яго ў "дарожнай карце". Беларускі пасол лічыць, што адбыўся сур'ёзны крок наперад у гэтым пытанні. Падобныя даручэнні атрымалі міністэрствы эканомікі і прамысловасці.

Уладзімір Сямашка распавёў і пра тое, як у Сочы вырашалася пытанне наконт таго, хто мае права закрываць беларускія мясакамбінаты ці малаказаводы. Было доўгае абмеркаванне, пасля якога Уладзімір Пуцін пагадзіўся, што права закрываць прадпрыемствы мусіць мець галоўны ветэрынарны лекар Беларусі. "Ён мусіць разбіраць, што так, што не так", цытуе словы Сямашкі БЕЛТА. А спрэчныя пытанні будуць выносіцца на агульную калегію міністэрстваў сельскай гаспадаркі Беларусі і Расіі. Хаця абмяркоўвалася і стварэнне нейкага новага органа ў Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Міністэрствы мусяць зрабіць даклад пра зробленую працу да 20 снежня, калі ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. Як вядома, у Сочы ніякіх дакументаў па "паглыбленні інтэграцыі" падпісана не было. "Каб гэта было не проста на словах, а на паперы — дакладна, выверана, як павінен працаваць гэты механізм", — падкрэслівае беларускі пасол у Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі