Сябру забітага сілавікамі брастаўчаніна пералічаць тэрмін адбыцця пакарання

Аляксандр Кардзюкоў / Белсат
Аляксандр Кардзюкоў / Белсат

Асуджанаму да 10 гадоў калоніі брастаўчаніну Аляксандру Кардзюкову пералічаць тэрмін адбыцця пакарання, піша "Брэсцкая газета". Акрамя таго, паведамляе выданне, рашэннем абласнога суда з маёмасці асуджанага зняты арышт.

Пытанні, звязаныя з прывядзеннем у выкананне прысуду ў дачыненні да Кардзюкова, былі разгледжаныя на Брэсцкім абласным судзе 1 ліпеня. Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, прысутнага на пасяджэнні, суддзя Святлана Крамянеўская пастанавіла зняць арышт, накладзены на тэлевізар, кампрэсар, тэлефон, аўтамабіль Кардзюкова, бо судовыя выдаткі ў памеры 2642 рублёў 8 капеек пагашаныя.

Да таго ж законам Рэспублікі Беларусь ад 26 траўня 2021 года "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці" змененыя правілы залічэння тэрмінаў утрымання пад вартай і хатняга арышту. Цяпер адзін дзень утрымання пад вартай залічваецца як паўтара дня пазбаўлення волі ў калоніі агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Кардзюкоў правёў за кратамі 9 месяцаў.

Аляксандра Кардзюкова затрымалі 15 жніўня 2020 года. Ён сябар Генадзя Шутава, смяротна параненага 11 жніўня 2020 года ў Брэсце на адной з акцый пратэсту. Падчас стрэлу ў Шутава сілавікамі Кардзюкоў знаходзіўся побач з ім.

Паводле версіі следства, 11 жніўня ў Брэсце Шутаў і Кардзюкоў здзейснілі напад на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку падчас правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. 25 лютага Кардзюкова прызналі "вінаватым у замаху на забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці". Забіты Шутаў быў таксама прызнаны вінаватым.

14 траўня Вярхоўны суд пакінуў у сіле абвінаваўчы прысуд. Ён уступіў у сілу ў той жа дзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі