Сваё 10-годдзе супер-хіт “Мая краіна — Беларусь” адзначыць новай версіяй

Да знакамітага “лай-лай-лай” “Без Білета” далучыцца веснавая палеская песня ад гурта “Акана-NHS”
Неафіцыйны гімн маладой Беларусі, маніфест гурта “Без Білета” “Мая краіна — Беларусь”сёлета святкуе сваё 10-годдзе. Паводле аўтара Віталя Артыста, за час свайго існавання канцэртная версія песні эвалюцыянавала ад фольк-кампазіцыі да сумесі Red Hot Chili Peppers, Planet Funk і беларускай душы, таму надыйшоў час зрабіць больш актуальны і сучасны аўдыё-варыянт “каранаванага” трэку.

У новай версіі “Мая краіна — Беларусь” бяруць ўдзел спявачкі этна-джаз-гурта “Акана-NHS”. Як адзначае Віталь, дзяўчыны ідэальна ўпісваюцца ў песню сваім сучасным беларускім духам і маладой энергіяй:

Віталь Артыст: “У працэсе працы над аранжыроўкамі зусім выпадкова мне ў рукі трапіў запіс гурта “Акана”, які выконваў песню ў нейкай тэлеперадачы. Я выразаў гэты фрагмент, сэмпл падлажыў пад моманты фанаграмы “Мая краіна — Беларусь” і ўбачыў, што дзяўчыны вельмі крута ўпісваюцца ў песню, то бок даюць сучасны беларускі дух. У гэтым таксама ёсць асобны кайф, таму што з іх прэ маладосць, здароўе, энергія, надзея. Па-мойму, здорава атрымоваецца”.

Знакамітае “лай-лай-лай” застанецца фішкай песні, аднак, апроч яго ў кампазіцыі з’явіцца палеская веснавая песня. Пра гэта Еўрарадыё распавяла вакалістка “Акана-NHS” Руся.

Руся: “Карацей, пазбегнуць “лай-лай” у нас не атрымалася, аднак мы прыдумалі дадаць этнічнай афарбоўкі “Мая краіна — Беларусь” з дапамогай палескай народнай песні. Мы абралі веснавую песню, якая называецца “Маслянка” і праспявалі яе акапэла. Віталік Артыст яе далучыў да трэку, і трэк стаў такім цікавым, што я не магу дачакацца моманту праслухоўвання гэтай песні”.

Нагадаем, на “Рок-каранацыі-2001” кампазіцыя “Мая краіна — Беларусь” атрымала тытул песні года і статус неафіцыйнага гімну маладой Беларусі, які па-ранейшаму актуальны. Як кажа Віталь Артыст, гэта адбылося незалежна ад яго жадання.

Віталь Артыст: “Гэта склалася незалежна ад маіх жаданняў. Атрымалася так,  што песня сама стала неафіцыйным гімнам маладой Беларусі не таму, што я яе такой задумаў. Я яе пісаў з адчуваннем любові, а песня сама фарміравала адносіны да сябе. Мы не можам ісці супраць волі гэтай песні”.

Каб праверыць вартасць і актуальнасць трэка “Мая краіна — Беларусь”, Еўрарадыё звярнулася да музычнага крытыка, эксперта і журналіста Змітра Падбярэзскага, які падцвердзіў: кампазіцыя — сапраўдны хіт.

Зміцер Падбярэзскі: “У гісторыі папулярнай музыкі было шмат такіх выпадкаў, калі, здавалася б, нейкі прымітыў з пункту гледжання кампазіцыі і т.д., страляў так, што рабіўся хітом. І “Мая краіна — Беларусь” – гэта сапраўды хіт”. 

Новай версіі “Мая краіна — Беларусь” Зміцер Падбярэзскі крыху асцерагаецца: яму б не хацелася, каб яна занадта ўскладнілася. Аднак, песня мэтру музычнай журналістыкі падабаецца!

Зміцер Падбярэзскі: “Безумоўна, падабаецца сваёй шчырасцю, прастатой, тым, што там адсутнічаюць усялякія прыдумкі. Гэта, бясспрэчна, вельмі удалая штука!”

Нагадаем, 14-га лютага Віталь Артыст дае сольны канцэрт у КЗ "Мінск".


Фота: by Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі