Суздальцаў: Лукашэнка вырашыў падтрымаць праціўнікаў Мядзведзева

У афіцыйных беларускіх СМІ ў чарговы раз з'явілася жорсткая крытыка расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, бо ён не даслаў віншаванне фестывалю "Славянскі базар". Было заяўлена, што ўпершыню фестываль "быў уцягнуты ў палітыку”. Крытыка ў адрас расійскага прэзідэнта — гэта свядомы палітычны жэст? З такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да расійскага палітолага Андрэя Суздальцава.

Суздальцаў: “Гэта свядомая палітыка. Ад 26 чэрвеня, ад праграмы "У цэнтры ўвагі", дзе ўпершыню так жорстка раскрытыкавалі прэзідэнта Расіі, мы назіраем нарастанне. У беларускіх СМІ ідзе кампанія супраць Мядзведзева. І гэта скаардынаваная акцыя. Першая мэта — Лукашэнка фактычна ўступіў у расійскую перадвыбарчую кампанію 2012 года і, зразумела, што на баку праціўнікаў Мядзведзева. Па-другое — гэта працяг інфармацыйнай кампаніі "па пераводзе стрэлак". Гаворыцца, што вінаватыя ў беларускім крызісе расійскія алігархі ў саюзе з расійскімі СМІ. І трэці момант звязаны з тым, што Лукашэнку зараз неабходны канфлікт з Масквой, лепш прапагандысцкі, для таго, каб паспрабаваць вырваць крэдыт у МВФ. Усялякія повады шукаюцца і ствараюцца. Сапраўды, Мядзведзеў не павіншаваў з адкрыццём фестывалю, а ў Маскве быў кінафестываль. І Лукашэнка яго (Мядзведзева) не павіншаваў таксама”.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што Лукашэнка ўступіў у расійскую прадвыбарчую кампанію. У якой ролі і на баку каго, якія мэты ён пераследуе ў гэтай кампаніі?

Суздальцаў: “Падыгрывае зараз двум бакам. Ён падыгрывае "леваму" боку і ў пэўным сэнсе падыгрывае Пуціну”.

Еўрарадыё: Камуністычнай партыі і прэм'еру Пуціну?

Суздальцаў: “Так. У беларускай праўладнай палітычнай супольнасці ёсць такая ілюзія, што Лукашэнка валодае нейкімі перавагамі на расійскім электаральным полі і яго слова грае вялікае значэнне для выбараў прэзідэнта Расіі...”.

Еўрарадыё:  Пасля разгонаў маўклівых акцыяў была заява МЗС Расіі аб тым, што Беларусі неабходна выконваць правы чалавека. Ці можна казаць, што Расія будзе аказваць нейкі ціск у сферы правоў чалавека на Беларусь ці гэта толькі заявы?

Суздальцаў: “У рамках дыпламатыі ціск аказваецца. Але ў такіх самых прапорцыях, як і ў рамках заходняй дыпламатыі. Гэта ідзе абмен нотамі і заявамі. Але заявы ад МЗС аб парушэнні правоў чалавека — гэта сур’езная рэч. Яны накопліваюцца, нейкая крытычная маса, і трэба прымаць нейкія палітычныя дзеянні”.

Фота — AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі