Супраць "Мінскай спадчыны" могуць распачаць крымінальную справу

Тры пратаколы за парушэнне заканадаўства склала сёння ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры на КУП «Мінская спадчына». За пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў фірме пагражае штраф у 17,5 мільёна рублёў. Гаворка ідзе пра парушэнне заканадаўства ў часе рэстаўрацыі Мінскага кляштара бернардынцаў – помніка архітэктурнага барока  XVII стагоддзя. Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заўважыў парушэнні 29 чэрвеня, але пасля яго заўвагаў працы не спынілі. Таму, ён вымушаны быў выклікаць нарад міліцыі і звярнуцца ў міністэрства культуры. “Толькі дзякуючы гэтаму працы спыніліся”, - расказаў Еўрарадыё гісторык:

«Учора мне затэлефанавалі, што вядуцца земляныя працы пад экскаватарам зусім побач з будынкам бернардынскага кляштара ў верхнім горадзе ў Мінску. З боку вуліцы Герцэна побач з падмуркамі выбіралі грунт, агалялі падмуркі пры дапамозе экскаватара.
 
Гэта грубае парушэнне, таму што ў гэтым месцы пад аховай дзяржавы знаходзіцца культурны пласт як кампанент гісторыка-культурнай каштоўнасці. І гэта свядомае пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці».

Ва ўпраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны склалі тры адміністрацыйныя пратаколы па трох артыкулах (19.1, 19.3, 19.4) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле артыкулу 19.4 за пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мінскай спадчыне» пагражае штраф да 500 базавых велічыняў (17,5 мільёнаў рублёў).
 
Акрамя гэтага за сістэматычныя парушэнні заканадаўства аб ахове спадчыны і за сістэматычныя пашкоджанні гісторыка-культурных каштоўнасцяў, упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны падрыхтавала матэр'ял у пракуратуру Цэнтральнага раёну аб узбуджэнні супраць «Мінскай спадчыны» крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі