Супраць дачкі палітзняволенай Алены Гнаук завялі крымінальную справу

Аляксандра Семянюк адна выхоўвае траіх дзяцей

Аляксандра Семянюк адна выхоўвае траіх дзяцей / bysol.org

Стала вядома пра крымінальную справу, якую завялі супраць дачкі палітзняволенай Алены Гнаук Аляксандры Семянюк. Яе абвінавачваюць у закліках да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК РБ). Паводле словаў Аляксандры, падставай для завядзення справы зрабілася дапамога, якую яна атрымлівала ад аб'яднання DissidentBy. З ператрусам да яе прыйшлі ў студзені, трое сутак яна правяла ў ІЧУ.

"З гэтым абвінавачаннем мне пагражаў крымінальны тэрмін ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі. Я не магла паверыць у тое, што гэта адбываецца са мной", — кажа Аляксандра. У яе трое дзяцей, якіх яна выхоўвае адна. "Я ўсвядоміла, што ў любы момант мае дзеці могуць застацца без маці. Рашэнне з'язджаць я прымала цяжка, выплакала плойму слёз, але ўсё ж наважылася пакінуць з дзецьмі Беларусь", — расказвае яна. У красавіку Аляксандра з дзецьмі здолела выбрацца ў Польшчу. Цяпер яна просіць дапамагчы. На сайце фонду Bysol адкрыты збор на падтрымку сям'і ў новай краіне.

Маці Аляксандры — актывістцы з Пружанаў Алене Гнаук — цяпер 67 гадоў. Першапачаткова яе судзілі паводле "карагоднай справы" за акцыю пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце і прысудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі". Затым адбыўся яшчэ адзін суд — Алену абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, тэрмін павялічылі да 3 гадоў "хатняй хіміі". Падчас "хатняй хіміі" яе некалькі разоў затрымлівалі. Пасля чарговага затрымання ў студзені 2022 года жанчына так і не выйшла на волю. Стала вядома пра завядзенне супраць яе крымінальнай справы. Яе абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку і дыскрэдытацыі Беларусі. Нагодай зрабіліся пасты ў сацсетках пра становішча мігрантаў у Беларусі, а паклёп на Лукашэнку выявілі ў "звароце" да яго. Улетку 2022 года суд прысудзіў Алену Гнаук да трох з паловай гадоў калоніі. Затым яе зноў судзілі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" і дадалі яшчэ адзін год зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі