"Супольнасць чыгуначнікаў" абвяргае звесткі, быццам "Штадлер" пакідае Беларусь

Цягнік "Штадлер" / Еўрарадыё
Цягнік "Штадлер" / Еўрарадыё

"Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" абвяргае чуткі, быццам швейцарская кампанія Stadler Rail пакідае нашу краіну.

Звесткі пра гэта з'явіліся ўчора ад міністра транспарту Літвы Маруса Скуодзіса. Ён расказаў, што "Штадлер" вырабіць для Літвы 15 акумулятарных электрацягнікоў за 200 млн еўра. А ў Беларусі вытворчасць, маўляў, спыненая і кампанія ці то сышла, ці то знаходзіцца ў працэсе вываду.

Завод "Штадлер" у Беларусі размешчаны ў Фаніпалі (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці). Там адбываецца зборка маторвагоннага рухомага складу па заказах розных краін, вытворчасць вагонаў метро, трамваяў, а таксама спальных вагонаў.

Як адзначаюць у "Супольнасці чыгуначнікаў", пасля ўвядзення санкцый выпуск прадукцыі скараціўся, але не спыніўся. Так, для Беларускай чыгункі апошнім часам былі зробленыя пяцівагонныя электрацягнікі міжрэгіянальных зносін серыі Flirt. На заводзе рэалізуюцца праекты па вырабе і пастаўцы маторвагоннага рухомага саставу для Казахстана і Азербайджана, працягваецца сэрвіснае абслугоўванне абсталявання электрацягнікоў, закупленых БЧ.

Акрамя таго, завод працягвае набор спецыялістаў на вакантныя месцы. "Пры гэтым узровень заработнай платы на заводзе знаходзіцца на досыць высокім узроўні для дадзенага рэгіёну", — адзначаюць у "Супольнасці чыгуначнікаў" і канстатуюць, што казаць пра закрыццё завода пакуль што зарана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі