Судовыя прыставы раздзялілі сям’ю, якая не захацела вызваляць дом пад знос

Сям'я Брэляў жыве ў доме побач з будаўніцтвам новай станцыі метро "Вакзальная" побач з ДС Дружная ў Мінску. Усіх суседзяў ужо адсялілі, а Брэлі адмовіліся пакідаць свой дом. Справа ў тым, што на момант прыняцця рашэння аб высяленні ў іх нарадзілася трэцяе дзіця. Пры вядзяленні кватэры, яго не ўлічылі і не далі гарантаваныя яму 15 квадратных метраў жылой плошчы.

11 сакавіка сям’ю прыехалі высяляць судовыя выканаўцы. У пастанове суда ёсць рашэнне аб высяленні бацькоў і дваіх дзяцей, пра трэцяга — нічога. Атрымалася, што выселіць яго не маюць права, але і пакінуць аднаго таксама не могуць.

На месцы міліцыя і судовыя выканаўцы вырашылі, што разам з малым пакінуць маці, а бацьку з двума іншымі дзецьмі выселяць у кватэру, якую далі замест прыватнага дома.

Маці і трэцяе дзіця не будуць высяляць, пакуль не будзе рашэння суда. І яны застануцца жыць у доме побач з будоўляй метро ўдваіх. А бацька і двое братоў не маюць права жыць у гэтым доме і ўжо перавозяць свае рэчы. Яны могуць толькі прыяжджаць у госці.

Судовы прыстаў зачытвае пастанову аб высяленні.

Судовы прыстаў прыйшла да Брэляў разам з міліцыяй і прадстаўнікамі метро. Чытаючы пастанову перад камерамі журналістаў яна відавочна хвалявалася.

Гаспадар дома адразу заявіў, што у будынку знаходзіцца яго малодшае дзіця, якога не ўлічыў суд (на момант разгляду справы дзіця яшчэ не нарадзілася). Фактычна высяляць малога прыстаў не меў права. Пасля некалькіх хвілінаў разборак на вуліцы, усе зайшлі ў дом.

Міліцыянты занялі нейтральную пазіцыю. Яны пазбягалі відэакамер і збольшага трымаліся ўбаку ад размоваў гаспадароў з прыставам і прадстаўнікамі метрапалітэна.

Знутры дом выглядае небагата. Ён адносна невялікі, але задбаны і дагледжаны.

Унутры гаспадары паўтараюць сваё нежаданне высяляцца. Яны мяркуюць, што маюць права на большае па памерах жыллё, чым тое, якое прапануе метрапалітэн. Спрэчкі з прыставам заходзяць у тупік.

Двое старэйшых дзяцей і немаўля ў гэты час знаходзяцца тут жа.

Прыйсці да нейкага рашэння атрымліваецца толькі пасля прапановы міліцыянтаў дамовіцца за зачыненымі дзвярыма, без прысутнасці журналістаў. Праз некалькі хвілін гаспадар дома выходзіць у агульны пакой і расказвае, што высяляюць сёння толькі яго са старэйшымі сынамі. Жонка з малодшым застануцца ў старым доме. Міліцыя дала гарантыі, што іх ніхто не будзе чапаць да разгляду ўсіх скаргаў і прыняцця новага рашэння, ужо з улікам трэцяга дзіцяці.

"Магу сказаць, што задаволены хаця б такім рашэннем. Мы будзем чакаць разгляду нашай скаргі, будзем чакаць новага рашэння. Пагадзіцца з ранейшым мы не можам. Зараз я вазьму старэйшых дзяцей і мы паедзем да майго сябра, пажывем там", - паведаміў гаспадар праблемнага дома Іван Брэль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі