Суд узяў пад варту кіраўніка Audi

Суд узяў пад варту кіраўніка Audi

У Германіі праваахоўныя органы затрымалі кіраўніка аўтамабільнай кампаніі Audi AG, якая належыць Volkswagen (VW), Руперта Штадлера. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на Bloomberg. 

Паведамляецца, быццам Штадлера затрымалі ў рамках расследавання "дызельнага скандалу". Кампанію Volkswagen вінавацяць у маніпуляцыі звесткамі пра узровень таксічнасці выхлапных газаў аўтамабіляў. Следства мяркуе, што на свабодзе Штадлер будзе перашкаджаць расследаванню.

Летась у СМІ з'явіліся звесткі, што пад следства трапілі 47 супрацоўнікаў Volkswagen, у тым ліку кіраўнік VW Матыяс Мюлер і гендырэктар Audi AG Руперт Штадлер. Паведамлялася, што следчыя правяраюць нават асабістыя календары, ноўтбукі і карты памяці смартфонаў падазраваных.

У сярэдзіне чэрвеня суд у Ніжняй Саксоніі прызнаў Volkswagen вінаватым у махінацыях у 2007-2015 гадах. На дызельныя аўтамабілі ў кампаніі ставілі праграмнае забеспячэнне, якое заніжае рэальныя паказчыкі выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў. Такім чынам яны абыходзілі экалагічныя тэсты ў ЗША, якія вымяраюць узровень шкодных рэчываў у выхлапных газах. 

Нямецкі суд запатрабаваў ад канцэрна заплаціць штраф — 1 мільярд еўра. У 2017 годзе Volkswagen у рамках той самай "дызельнай справы" пагадзіўся выплаціць уладам ЗША яшчэ 4,3 мільярда долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі